Рада Еўропы пракансультуе Беларусь па адмене смяротнага пакарання

23.09.2010 10:23
Архив Редакция

Сёння, 23 верасня, у Мінску пройдзе пасяджэнне круглага стала, арганізаванага генеральным дырэктаратам Рады Еўропы па правах чалавека і прававых пытаннях. На сустрэчы вядучыя эксперты Рады Еўропы пракансультуюць беларускія ўлады па канкрэтных пытаннях, звязаных з ліквідацыяй перашкодаў на шляху да адмены смяротнага пакарання ў Беларусі.

На сустрэчы таксама плануецца абмеркаваць пытанні, звязаныя з умацаваннем падтрымкі з боку грамадскасці і мабілізацыі прафесійных групаў у падтрымку адмены вышэйшай меры пакарання, паведамілі ў Радзе Еўропы.

У пасяджэнні круглага стала прымуць удзел члены парламенцкай працоўнай групы па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання Нацыянальнага сходу Беларусі, прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, Міністэрства юстыцыі, Генеральнай пракуратуры, члены Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў рэспублікі, а таксама прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі.

На сустрэчы таксама плануе выступіць былы міністр юстыцыі Францыі Рабэр Бадэнтэр. Асноўныя пытанні, якія ён плануе асвяціць у сваім выступе, — чаму смяротнае пакаранне непрымальнае, чаму яно было скасавана і чаму так важна прасоўваць прынцып ўсеагульнай адмены смяротнага пакарання.

Пазіцыя Рады Еўропы заключаецца ў тым, што адмена смяротнага пакарання павінна суправаджацца мерамі па стварэнні адэкватнай пенітэнцыярнай сістэмы і ўвядзенні там, дзе гэтага пакуль не зроблена, дапушчальных альтэрнатыўных відаў пакарання. Члены Рапды Еўропы лічаць, што гэта дазволіць забяспечыць высокі ўзровень абароны насельніцтва і ўлік правоў пацярпелых, не парушаючы пры гэтым фундаментальнага прынцыпу павагі правоў чалавека.

«Адмена смяротнага пакарання ў Беларусі наблізіць гэтую краіну да праваабарончых стандартаў Рады Еўропы, умацуе працэс заканадаўчай забароны смяротнага пакарання ў Еўропе і стане важным сігналам для ўсяго астатняга свету», — заявілі ў Радзе Еўропы.

Как вам новость?