Радзькоў: ключавыя напрамкі працы ідэолагаў — інтэрнэт, моладзь і ІП

11.03.2011 11:50
Архив Редакция

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Аляксандр Радзькоў 10 сакавіка на нарадзе ідэалагічнай вертыкалі ў Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце пазначыў ключавыя кірункі ў працы ідэолагаў. На думку Аляксандра Радзькова, гэта інтэрнэт, моладзь і прадпрымальнікі.

«Інтэрнэт запатрабаваны ў насельніцтва. Сацыяльныя сеткі прыцягваюць моладзь і аказваюць на яе ўплыў. Таму электронныя носьбіты павінны стаць адным са складнікаў ідэалагічнай работы», — растлумачыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Прадпрымальнікі, на думку Аляксандра Радзькова, таксама павінны заставацца ў сферы ўвагі ідэолагаў. «Мы павінны выхоўваць у прадпрымальніка грамадзянскую пазіцыю. Таму што, клапоцячыся аб прыбытку, развіваючы сваю справу, ён павінен разумець, што гэта бізнэс для ягонай краіны. А ў краіне павінны быць школы, дзіцячыя сады, паліклінікі. Ідэалагічную працу трэба развіваць не толькі на прадпрыемствах дзяржаўнай формы ўласнасці, але і на прыватных», — цытуе намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта БелТА.

У той жа час ідэалагічная праца з моладдзю заставалася актуальнай ва ўсе часы, адзначыў Аляксандр Радзькоў. Паводле яго слоў, дзяржава павінна ўлічваць, чаго хочуць маладыя беларусы, да чаго яны імкнуцца, у якіх умовах жывуць, і даць ім магчымасць рэалізаваць сябе ў сваёй краіне.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта асабліва падкрэсліў, што станоўчы эфект ідэолагі могуць атрымаць не толькі ад публічных выступаў у вялікіх аўдыторыях, але і пры непасрэдных зносінах з грамадзянамі. «Галоўнае — жывыя зносіны з людзьмі, напрыклад, у цэхах, у дварах, ВНУ», — заявіў Аляксандр Радзькоў.

Сярод якасцяў, якімі павінны валодаць ідэалагічныя працаўнікі, каб заваяваць давер людзей, Аляксандр Радзькоў назваў шчырасць, непадробнае стаўленне да сваіх абавязкаў. «Калі ідэолаг, які ідзе да людзей, шчыры, мае грамадзянскую пазіцыю, тады будзе поспех і давер людзей», — заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы.

Как вам новость?
Головоломки