Радзіну і Халіп папярэдзілі аб "асцярожнасці выказванняў у прэсе"

02.02.2011 11:56
Архив Редакция

Вызваленую пад падпіску аб нявыездзе журналістку Наталлю Радзіну 1 лютага папярэдзілі аб тым, што яна "не павінна даваць асуджальных ацэнак падзеям у снежні", паколькі з'яўляецца абвінавачанай у арганізацыі масавых беспарадкаў. Бацькам жа пераведзенай пад хатні арышт Ірыны Халіп, жонкі экс-кандыдата Андрэя Саннікава, 31 студзеня забаранілі даваць інтэрв'ю наогул. Абедзве жанчыны з'яўляюцца падазраванымі па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня. 

Як паведаміла сама Наталля Радзіна, у другой палове дня 1 лютага яе забралі з дому міліцыянты і даставілі ў РАУС Кобрыну. Там журналістцы паўторна патлумачылі, што ёй забаронена выязджаць за тэрыторыю горада, яна заўсёды павінна знаходзіцца на мабільнай сувязі, а участковы інспектар будзе пастаянна правяраць, дзе яна знаходзіцца, перадае БелаПАН.

Супрацоўнікі міліцыі заявілі Наталлі Радзінай, што ёй «не забаронена займацца прафесійнай дзейнасцю», але, пакуль ідзе следства па справе аб масавых беспарадках, «неабходна ўстрымлівацца ад ацэначных меркаванняў». Такое патрабаванне ў аддзяленні патлумачылі тым, што журналістка фігуруе ў дадзенай справе.

29 студзеня журналістка ў артыкуле «Час выбіраць» назвала сваё вызваленне з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе пераводам «з маленькай турмы ў вялікую». Днём пазней яна заявіла, што змяненне меры стрымання Ірыне Халіп, Уладзіміру Някляеву і ёй не з’яўляецца вызваленнем наогул.

Уладзіміру і Люцыне Халіп забаранілі размаўляць з журналістамі

У сваю чаргу бацька Ірыны Халіп 31 студзеня адказваў на пытанні журналістаў, аднак літаральна праз некалькі гадзін ён адмовіўся ад відэаінтэрв’ю, паколькі супрацоўнікі КДБ папярэдзілі яго, што гэта «можа нашкодзіць дачцэ».

Раней Люцына і Уладзімір Халіп падкрэслівалі, што падтрымка СМІ вельмі важная, але потым не рашыліся «рызыкаваць мерай стрымання дачкі», паколькі ад гэтага можа пацярпець іх трохгадовы ўнук. «Знаходжанне Ірыны дома сёння вельмі важна для іх ўсіх, і ў першую чаргу для Даніка», — адзначыў Уладзімір Халіп, перадае сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў.

«Размова была абсалютна «бяскрыўднай» і ніяк не датычылася матэрыялаў крымінальнай справы — мы проста цікавіліся, як адчувае сябе наша калега, яе сын… Незразумела, што магло стаць падставай для такіх мераў яшчэ і ў дачыненні да бацькоў», — заявіла старшыня БАЖ Жанна Літвіна.

Как вам новость?
Головоломки