Раманчук: 32% беларусаў замбаваныя ці вераць у казкі

07.04.2010 13:20
Архив Редакция

Эканаміст Яраслаў Раманчук пракаментаваў вынікі сакавіцкага агульнанацыянальнага апытання незалежных сацыёлагаў, паводле якога каля 70% апытаных беларусаў не вераць, што да канца гэтага года сярэдні заробак па краіне складзе 500 даляраў. "Дзіўна, што толькі 68,3% беларусаў не вераць у гэта. Мабыць, астатнія 32% людзей ці замбаваныя, ці проста вераць у казкі", — сказаў аналітык.

Па словах кіраўніка навукова-даследчага цэнтра Мізеса, лагічна было б, каб у гэта абяцанне ўлад не верылі 95% людзей. «Бо сам урад не верыць у тое, што сярэдні заробак будзе 500 даляраў», — сказаў эканаміст, перадае Euramost.org.

«Быў афіцыйны ліст на імя кіраваўнічага дырэктара Міжнароднага валютнага фонду, дзе напісана, што максімум чаго можна чакаць — павелічэнне заработнай платы на 11%, — падкрэсліў Яраслаў Раманчук. — І гэта ў тым выпадку, калі будзе падвышэнне стаўкі першага разраду на 5%. Гэта значыць, пры самым добрым раскладзе больш за 340 даляраў у 2010 годзе ў прынцыпе быць не можа».

Кажучы пра супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем, Венесуэлай і Бразіліяй, якое можа ўсяляць аптымізм у насельніцтва, эканаміст лічыць, што гэта проста піяр з боку ўлад. «Падача вонкавага фактару, як лакаматыва прагрэсу, вядома, па мазгах б’е. Але зноў-ткі трэба глядзець на іншыя справаздачы, пра якія таксама кажа ўрад. Не далей як месяц назад быў учынены разнос адносна правалу інвестыцыйнай палітыкі, будаўнічага сектара, сельскай гаспадаркі», — сказаў Яраслаў Раманчук.

Раманчук: заяўляючы пра сваю незалежнасць, Беларусь павінна быць гатовая да наступстваў

Па словах аналітыка, «грандыёзныя планы» ўлад Беларусі ў галіне нафтаздабычы ў Венесуэле не з’яўляюцца панацэяй. «Беларускія НПЗ будаваліся пад расійскую нафту, але цяпер прайшлі часы, калі Расія карміла нас амаль бясплатнымі энергарэсурсамі. І, калі мы заяўляем пра сваю незалежнасць, жадаем быць паўнавартаснай еўрапейскай дзяржавай, тады трэба быць гатовым да наступстваў», — падкрэсліў эксперт.

Эканаміст адзначыў, што трэба быць гатовымі і да сусветных коштаў, да развіцця прыватнага бізнэсу, да інтэгравання на Ўсход і на Захад. «Трэба працаваць з Украінай і Літвой. Толькі гэта і ёсць панацэя, а не Венесуэла, Бразілія ці якія-небудзь афрыканскія краіны», — заявіў Яраслаў Раманчук.

Па словах эксперта, уладам трэба «брацца за рынак, а не за захаванне беларускай савецкай сістэмы. Яраслаў Раманчук мяркуе, што зрабіць гэта будзе не проста, але за страчаны час трэба плаціць. «Чым больш мы будзем марудзіць, тым больш балючым будзе падзенне. Мы ўвесь час павялічваем вонкавы абавязак, набралі крэдытаў, якімі напампавалі фінансавую сістэму. Але зразумела, што такая напампоўка не ёсць устойлівай і, хутчэй, нагадвае піраміду, а не падмурак трывалага будынка», — рэзюмаваў аналітык.

Как вам новость?