Раманчук абвінавачвае ў беспарадках на Плошчы Статкевіча, Саннікава і Рымашэўскага

20.12.2010 11:38
Архив Редакция

Апазіцыйныя лідары Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч і Віталь Рымашэўскі справакавалі беспарадкі і ажыццявілі спробу захопу Дома ўрада, ставячы пад пагрозу жыцця тысяч чалавек. Такую заяву зрабіў 20 снежня кандыдат у прэзідэнты ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук нагадаў, што дэманстрацыя на Кастрычніцкай плошчы Мінску 19 снежня планавалася як мірнае выказванне меркавання грамадзян.

«На жаль, падчас мітынгу на Кастрычніцкай плошчы М. Статкевіч, А. Саннікаў і В. Рымашэўскі заклікалі і павялі людзей на плошчу Незалежнасці. Там імі былі справакаваныя беспарадкі і ажыццёўлена спроба захопу будынка Дома ўрада. Пад пагрозай апынуліся жыцці тысяч чалавек», — прыводзіць словы заявы прэс-служба Яраслава Раманчука.

На думку палітыка, Андрэю Саннікаву «вельмі хацелася сарваць далікатны дыялог, які зараджаўся паміж Беларуссю і міжнароднай супольнасцю».

«Я разам з Анатолем Лябедзькам, старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі, неаднаразова спрабавалі пераканаць А. Саннікава і М. Статкевіча адмовіцца ад планаў радыкальных дзеянняў, бо я ўпэўнены, што рэвалюцыі ў Беларусі руйнуюць дэмакратыю. Масавыя акцыі з ужываннем сілы не здольныя стварыць атмасферу для паўнацэннага грамадскага дыялогу», — падвёў вынік Яраслаў Раманчук.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, раней кандыдат заклікаў выбаршчыкаў выйсці на Кастрычніцкую плошчу 19 снежня «з тэрмасам, цешчай і ўсмешкай АМАПа», каб выказаць свой пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў.

«19 снежня ў 20:00 я прыйду на Плошчу са сваімі сябрамі. І запрашаю вас ўсіх: прыйдзіце разам з цешчай, вазьміце з сабой тэрмас. Усміхніцеся амапаўцам, якія там будуць — бо вашы ўсмешкі пацвердзяць, што мы не тэрарысты, а мірныя грамадзяне», — заявіў Яраслаў Раманчук на сустрэчы з выбаршчыкамі 13 снежня.

Ён сапраўды прыняў удзел у дэманстрацыі на Кастрычніцкай плошчы. Аднак там на поўную гучнасць працавалі дынамікі, якія вісяць на ліхтарных слупах — з іх даносілася музыка, і практычна нічога больш не было чуваць.

Таму прысутныя пайшлі на плошчу Незалежнасці, ад чаго Яраслаў Раманчук адмовіўся. З прычыны таго, што некаторыя з дэманстрантаў разбілі вокны і дзверы ў Дом урада, арганізатары акцыі назвалі гэта правакацыяй. Пасля здарэння супрацоўнікі АМАПу пачалі збіваць і затрымліваць людзей. Арыштаваныя кандыдаты ў прэзідэнты ад апазіцыі і прадстаўнікі іх штабаў, у офісах і кватэрах актыўных дзеячаў праведзеныя ператрусы. Пацярпелі таксама журналісты, у тым ліку і замежныя.

Как вам новость?
Головоломки