Раманчук: дырэктыва № 4 стане першым тэстам для Мясніковіча

12.01.2011 15:25
Архив Редакция

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што падпісаная 31 снежня 2010 прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам дырэктыва № 4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь» стане тэстам для новага прэм'ер-міністра краіны Міхаіла Мясніковіча.

«М. Мясніковіч ўзяў на сябе вялікую адказнасць інтэрпрэтатара дырэктывы № 4. За тры месяцы ён на пару з П. Пракаповічам (кіраўнік Нацбанка Беларусі Пётр Пракаповіч — Тэлеграф) павінны распрацаваць і зацвердзіць план мерапрыемстваў па рэалізацыі гэтага дакументу. Гэта першы сур’ёзны тэст для новага прэм’ера», — лічыць Яраслаў Раманчук.

«План мерапрыемстваў — гэта яшчэ не набор пастаноў, указаў і законаў, — упэўнены палітык. — Тым не менш, кірунак думкі новага ўрада стане відавочным. Калі будзе ўзяты курс на рынак, то М. Мясніковіч павінен будзе пераканаць ўсю наменклатурную раць і Аляксандра Лукашэнку заняць дакладную пазіцыю па цэлым шэрагу двухсэнсоўных пытанняў. Супярэчнасцяў у тэксце дырэктывы дастаткова».

Пры гэтым Яраслаў Раманчук адзначае, што слова «лібералізацыя» ў назву дырэктывы не патрапіла, але «дух прадпрымальніцкай свабоды ў ёй, безумоўна, прысутнічае». «Асноўная задача новага прэм’ера краіны будзе заключацца як раз у тым, каб гэты дух стаў заканадаўчым целам», — лічыць эканаміст, перадаюць «Беларускія навіны».

Намеснік старшыні АГП таксама паказвае на тое, што, з аднаго боку, дырэктыва заклікае «выключыць умяшанне органаў дзяржаўнага кіравання ў працэс цэнаўтварэння», з другога ж — плануецца захаваць дзяржаўнае рэгуляванне цэн на сацыяльна значныя тавары. «Спрэчка з нагоды спісу гэтых самых тавараў разгарыцца неабыякая», — упэўнены Яраслаў Раманчук.
 
«Тут да месца ўзгадаць, што цэны на хлебабулачныя, мясныя і малочныя тавары, а таксама большасць тавараў для дзяцей вышэйшыя за сусветныя. І гэта — пры наяўнасці адміністрацыйных абмежаванняў! М. Мясніковічу лагічна было б увогуле выступіць супраць наяўнасці ў беларускіх законах фармулёўкі «сацыяльна значныя тавары». Паглядзім, адважыцца ён на гэта ці, па меншай меры, прапануе звузіць гэты пералік да мінімуму», — адзначае палітык.

Раманчук: пад прыкрыццём дырэктыў і указаў можа пачацца перадзел уласнасці

Дырэктыва кажа аб неабходнасці «гарантаваць незваротнасць прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці пры ўмове захавання суб’ектам прыватызацыі патрабаванняў заканадаўства», працягвае Яраслаў Раманчук.

«У Беларусі такое недасканалае заканадаўства па прыватызацыі, такая слабая сістэма абароны правоў уласнасці, што ніякія гарантыі, тым больш у дырэктывах, нікога не пераканаюць. Не паспелі высахнуць чарнілы на тэксце дырэктывы № 4, як з’явіўся ўказ прэзідэнта № 2 ад 1911/01/03, які дазволіў канцэрну «Беллеспаперапрам» абуральным чынам ўмешвацца ў справы ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў», у якой няма ніводнай дзяржаўнай акцыі. Гэта своеасаблівая інтэрпрэтацыя новага падыходу да гарантый правоў уласнасці», — канстатуе Яраслаў Раманчук.

«Але ў дырэктыве ўказана на тое, што трэба «прымаць самыя сур’ёзныя меры па абароне і развіцці прыватнай уласнасці». Пры наяўнасці такіх «сур’ёзных» прававых практык можна сабе ўявіць, які перадзел уласнасці можа пачацца пад прыкрыццём дырэктыў і ўказаў…» — мяркуе эканаміст.

Палітык лічыць, што беларускі прэм’ер павінен будзе растлумачыць бізнэсу сваё разуменне слоў «кардынальна» і «радыкальна». «Дырэктыва заклікае менавіта кардынальна «скараціць колькасць адміністрацыйных працэдур». А яшчэ — радыкальна «скараціць фінансавую справаздачнасць». Акрамя таго, новы прэм’ер павінен падзяліцца з намі сваім уяўленнем аб «гарманізацыі», бо дырэктыва накіроўвае нашу падатковую сістэму на гарманізацыю з «дзейнымі ў еўрапейскіх краінах», — адзначае Яраслаў Раманчук.

Раманчук: Мясніковічу давядзецца «сур’ёзна паламаць галаву» над падаткамі

Эканаміст працягвае: «Сур’ёзна паламаць галаву давядзецца новаму прэм’еру і ў падатковай сферы. Рэч у тым, што большасць краін Еўрапейскага Саюза церпяць менавіта з прычыны шкодных падатковых сістэмаў. Высокія падаткі, складанае адміністраванне, вялікія дэфіцыты бюджэту і небяспечны ўзровень доўгу — вось што такое еўрапейская фіскальная палітыка. Не дай бог нам гарманізаваць нашу з еўрапейскай — у выніку мы атрымаем тое, што атрымала фармальна Расія, скапіяваўшы еўрапейскую падатковую сістэму».
 
Экс-кандыдат у прэзідэнты ўпэўнены, што заклік да гарманізацыі беларускай падатковай сістэмы з Еўропай — гэта самая вялікая памылка дырэктывы № 4. «Далёка не ўсё тое, што еўрапейскае, эфектыўна і якасна. М. Мясніковіч павінен будзе яшчэ раз з алоўкам у руцэ перачытаць дырэктыву і праграму чацвертай пяцігодкі і адмовіцца ад таго, што было туды ўключана выключна па перадвыбарных, палітычных меркаваннях», — падкрэслівае Яраслаў Раманчук.

«Так ці інакш, дасведчанаму наменклатуршчыку Міхаілу Мясніковічу і не менш заслужанаму перад беларускай вертыкаллю Пятру Пракаповічу трэба нялёгкая асобасная і прафесійная ломка. Ім выпала кіраваць ў эпоху пераменаў. Прычым кіраваць апасродкавана, праз асабістыя рашэнні А. Лукашэнкі. Гэта як раз той час, калі можна ўвайсці ў гісторыю. Пераможцам крызісу ў прамянях народнай славы — ці ж пераможаным, «пахаваным жыўцом» карупцыйнымі справамі і лабісцкімі змовамі», — рэзюмуе Яраслаў Раманчук.