Раманчук: ЕС даў яшчэ адзін шанец Лукашэнку

03.11.2010 13:16
Архив Редакция

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук лічыць, што Еўрапейскі саюз даў яшчэ адзін шанец прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Пра гэта патэнцыйны кандыдат заявіў пасля сустрэчы з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім і міністрам замежных спраў Германіі Гідо Вэстэрвеле, якая адбылася 2 лістапада ў Мінску.

«Афіцыйны Мінск атрымаў ад Еўрапейскага Саюза яшчэ адзін шанец. Ізноў гэта шанец авансам. Ізноў спачатку Аляксандр Лукашэнка атрымаў  «еўрапейскія крэслы» з адтэрміноўкай аплаты», — заявіў Яраслаў Раманчук.

«Прэзідэнт Беларусі да дасканаласці адтачыў мастацтва раздачы абяцанняў Захаду і Расіі перад прэзідэнцкімі выбарамі. Ён настолькі пераканаўчы, што нават такія «ваўкі» еўрапейскай палітыкі, як Радаслаў Сікорскі і Гідо Вэстэрвеле паверылі і назвалі нашае сёння гістарычным момантам», — адзначыў патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты.

Яраслаў Раманчук лічыць, што на сустрэчы, якая прайшла замежныя міністры казалі «правільныя словы пра свабодныя выбары, доступ да СМІ і захаванне правоў чалавека», але канкрэтных дзеянняў па канкрэтных праблемах да пэўных тэрмінаў ніхто не абяцаў, перадае сайт АДС.

Раманчук: еўрапейскі фактар у Лукашэнкі ў кішэні

«Склалася ўражанне, што еўрапейцы з’ехалі з пачуццём выкананага абавязку, а афіцыйны Мінск у чарговы раз загаварыў пра элегантную перамогу над Еўрасаюзам. Я разумею, што гэтая перамога — у выпадку невыканання беларускімі ўладамі дадзеных ЕС абяцанняў — будзе піравай, але да выбараў Аляксандар Лукашэнкі можа лічыць еўрапейскі фактар у кішэні», — лічыць беларускі палітык.

У сваю чаргу лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, які таксама прэтэндуе на пасаду прэзідэнта, лічыць сустрэчу з міністрамі замежных спраў Германіі і Польшчы знакавай падзеяй. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе апазіцыйнага палітыка.

«Гэта была знакавая сустрэча. Міністры замежных спраў дзвюх краін, якія традыцыйна праяўляюць вялікую цікавасць да Беларусі, прыехалі ў Мінск напярэдадні выбараў і сустрэліся з апазіцыяй. На сустрэчы стала зразумела, што ў нас няма разыходжанняў у разуменні сітуацыі ў краіне. Міністры ведаюць, што у нас груба парушаюцца правы чалавека, што ў апазіцыі няма доступу да СМІ, што ў турмах сядзяць палітвязні», — адзначыў Андрэй Саннікаў.

Саннікаў: ЕС скептычна ставіцца да пераконванняў Лукашэнкі

«Міністры замежных спраў распавялі, што Лукашэнка клятвенна запэўніваў іх у тым, што выбары пройдуць вельмі дэмакратычна, але да гэтых пераконванняў у Еўропе ставяцца скептычна, бо чуюць іх перад кожнымі выбарамі. Ёсць разуменне, што на выбарах адбудзецца чарговая фальсіфікацыя, і што беларусы будуць дамагацца рэалізацыі свайго права на сумленныя выбары», — заявіў апазіцыйны палітык.

У той жа час, па словах лідара «Еўрапейскай Беларусі», цяперашняя сітуацыя ў краіне «ўнікальная» і «дыктатура цалкам збанкрутавала». «Яна не спраўляецца з актуальнымі праблемамі — як палітычнымі, так і сацыяльнымі. Рэжым Лукашэнкі не змог знайсці адказаў на эканамічны крызіс і не здольны ўдзельнічаць у новых працэсах, якія адбываюцца ў нашым рэгіёне», — лічыць Андрэй Саннікаў.

Как вам новость?