Раманчук: Franck Muller купіла не "Луч", а зямлю ў цэнтры Мінска

10.03.2010 15:51
Архив Редакция

Кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук лічыць, што швейцарская кампанія Franck Muller купіла не Мінскі гадзіннікавы завод, які выпускае гадзіннікі пад маркай «Луч», а нерухомасць і зямлю ў цэнтры Мінска. “Насамрэч тут гаворка ідзе не пра будаўніцтва «гадзіннікавай вёскі» каля Мінска. Мабыць, былі ўлічаны інтарэсы беларускай наменклатуры”, — сказаў эксперт.

Па словах аналітыка, агульная плошча памяшканняў заводу, размешчанага ў цэнтры Мінска, складае 52 тыс. квадратных метраў. “Па самых розных адзнаках, іх дакрызісны рынкавы кошт вагаецца ў межах ад 60 да 100 млн. даляраў“, — падкрэсліў Яраслаў Раманчук, паведамляе беларуская служба Deutsche Welle.

“Аднак афіцыйна пра гэта пры продажы Мінскага гадзіннікавага заводу швейцарскай кампаніі гаворка не ішла, хоць менавіта дадзеная нерухомасць сёння з’яўляецца галоўным актывам заводу“, — мяркуе эканаміст.

Як раней паведамляў Тэлеграф, прэзідэнт Беларусі першага сакавіка падпісаў загад №109 «Пра прыцягненне інвестыцый у адкрытае акцыянернае таварыства «Мінскі гадзіннікавы завод». Паводле дакумента, швейцарская кампанія Franck Muller атрымлівае кантрольны пакет МГЗ (52%) за кошт выкупу дадатковага выпуску каля 1,21 млрд. акцый на суму 12,46 млн. даляраў.

Астатнія 48% швейцарская кампанія атрымлівае ў давернае кіраванне. Пры гэтым Franck Muller павінна захаваць брэнд «Луч», саму гадзіннікавую вытворчасць, а таксама забяспечыць стабільнай працай 700 працаўнікоў прадпрыемства.

Паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі, у 2011 годзе Franck Muller без правядзення аўкцыёну вылучаць у арэнду зямельны ўчастак агульнай плошчай 30 гектараў з земляў сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Шчомысліца» ў Мінскім раёне для пераносу вытворчасці з будаўніцтвам неабходнай інфраструктуры.
 

Как вам новость?
Головоломки