Раманчук: я ведаю, дзе ўзяць грошы

18.11.2010 17:04
Архив

Намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук пасля рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Беларусі 18 лістапада адзначыў, што ідзе на выбары для таго, каб пабудаваць новае і захаваць лепшае. «Я ведаю, што рабіць, як рабіць і, галоўнае, дзе ўзяць грошы», - запэўніў апазіцыйны палітык.

Пры гэтым Яраслаў Раманчук заклікаў ЦВК забяспечыць роўныя ўмовы для ўсіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Па словах намесніка старшыні АГП, на Усебеларускім сходзе «будзе саліраваць адзін чалавек», у той час як на з’езд павінны былі пусціць ўсіх кандыдатаў. «Калі гэтага зрабіць немагчыма, прашу даць нам аналагічную пляцоўку», — прапанаваў палітык, перадае карэспандэнт Тэлеграфа.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў нагадаў, што прадстаўнікі ЦВК некалькі разоў заяўлялі, што ў Беларусі ліберальныя і дэмакратычныя выбары. «Я з гэтым не згодны. У апазіцыйных кандыдатаў няма магчымасці для агітацыі, паколькі ў краіне адсутнічае свабода слова. Недзяржаўныя газеты не могуць распаўсюджвацца праз манапольную сетку «Белсаюздрук». У Беларусі таксама адсутнічае свабода сходаў. Напрыклад, у Магілёве для сустрэч з кандыдатамі выдзелілі памяшканні, якія знаходзяцца ў аварыйным стане. Таксама не створаны роўныя ўмовы пры фармаванні ўчастковых камісій, дзе колькасць членаў прадстаўнікоў апазіцыі вельмі малая. Напрыклад, мы вылучылі каля 300 чалавек, але ў камісіі прайшлі толькі 36 з іх. У такіх умовах гэтая кампанія ўжо не можа лічыцца свабоднай», — адзначыў пасля рэгістрацыі кандыдат у прэзідэнты.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы дзейнага прэзідэнта Беларусі Аляксандр Радзькоў адзначыў: «Я хачу ад імя Аляксандра Лукашэнкі падзякаваць, перш за ўсё, выбаршчыкам, якія паставілі подпісы ў яго падтрымку. Таксама хачу падзякаваць членам ініцыятыўнай групы, якія працавалі актыўна, з душой. Мы працавалі побач з іншымі ініцыятыўнымі групамі і, дарэчы, тут не ўзнікала ніякіх праблемаў».

Кіраўнік саюза «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч заявіў, што вельмі задаволены вынікамі збору подпісаў. Тым не менш, палітык дадаў, што толькі дзень выбараў будзе тым індыкатарам, які вызначыць дэмакратычнасць гэтай выбарчай кампаніі.

Прадстаўнік лідара грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева Васіль Лявонаў устрымаўся ад каментароў.

Севярынец: сістэма ўлады прагніла

Павел Севярынец, які прадстаўляў сустаршыню аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталя Рымашэўскага, у сваю чаргу заявіў: «Сістэма ўлады прагніла. Улада павінна пакаяцца ў тым, што ашуквала народ. Беларусы не будуць далей жыць на страху і падмане». Як адзначыў палітык, тысячы гадоў Беларусь будавалася на хрысціянскіх каштоўнасцях, і менавіта гэтыя ідэалы яго каманда будзе развіваць у выпадку прыходу да ўлады.

Лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў адзначыў, што «Беларусь называюць апошняй дыктатурай Еўропы». На думку палітыка, кропкай адліку цяперашняга рэжыму можна лічыць 14 лістапада 1996 года, калі быў зняты з пасады экс-кіраўнік ЦВК Віктар Ганчар. Андрэй Саннікаў нагадаў аб знікненні гэтага дзяржаўнага дзеяча і прапанаваў ушанаваць яго памяць хвілінай маўчання. Кандыдат дадаў, што беларусы не хочуць жыць пры дыктатуры. «У нас ёсць шанец жыць у нармальнай Беларусі. Зрабіць гэта нескладана. Трэба толькі выконваць законы. І ад прадстаўнікоў ЦВК у гэтым многае залежыць», — падкрэсліў палітык.

Кіраўнік аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч прызнаўся, што натхнёны беларускай апазіцыяй. «За гэтым сталом сядзяць тры палітвязні і, тым не менш, у нас ёсць альтэрнатыва», — адзначыў кандыдат. «Я блазнам на гэтым балагане не буду. Я даб’юся, каб улада забяспечыла свабодныя выбары, інакш гэта зробіць іншая ўлада», — падкрэсліў палітык.

Эканаміст Віктар Цярэшчанка выказаў удзячнасць за давер, аказаны яму выбаршчыкамі. Паводле слоў кандыдата, гэтыя выбары праходзяць дэмакратычней, чым папярэднія. «Мы цяпер выбіраем не асобу, не канкрэтнага чалавека, мы галасуем за будучыню краіны. Гэта важней», — падкрэсліў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта.

Дырэктар прадпрыемства «Трывіум» Дзмітры Ус адзначыў, што беларуская выбарчая сістэма пабудаваная па прынцыпе Германіі 1930-х гадоў, калі мясцовыя органы ўлады прызначаюць ва ўчастковыя камісіі людзей, якія ім падпарадкоўваюцца. Паводле слоў кандыдата, выбары нельга будзе назваць дэмакратычнымі да таго часу, пакуль гэта не зменіцца.

Як раней перадваў Тэлеграф, у чацвер, 18 лістапада, у 12:00 адбылося пасяджэнне Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (ЦВК), на якім было разгледжана пытанне аб рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты краіны на намечаных на 19 снежня гэтага года выбарах.