Раманчук: Крэмль не падтрымае беларускую апазіцыю

22.07.2010 11:45
Архив Редакция

Крэмль дэманстратыўна не падтрымлівае беларускую апазіцыю, і "наўрад ці падтрымае ў будучыні", заявіў па выніках свайго візіту ў Расію прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі, намеснік старшыні АГП Яраслаў Раманчук. Па яго словах, умяшанне "расійскай рукі" ў ход будучых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі таксама малаверагоднае.

«Для некаторых беларускіх палітыкаў выгадна было б уявіць, што Крэмль можа зрабіць стаўку на нейкага ледзь не дэмакратычна арыентаванага кандыдата, і ўявіць, што ёсць нейкі еўрапейскі кандыдат, а ёсць кандыдат прарасійскі, і трэба, вядома ж, змагацца за еўрапейскага. Сярод дэмакратычных кандыдатаў я не ведаю ні аднаго, які б здаў Беларусь, зрабіў бы тое, што хоча ад яго цэлы шэраг расійскіх шавіністаў», — заявіў Яраслаў Раманчук, перадае сайт АДС.

У сувязі з гэтым, на думку палітыка, Масква «прагматычна будзе дамагацца свайго ў рамках падпісаных Беларуссю пагадненняў і адначасова прыглядацца да апанентаў Лукашэнкі, падаючы ім магчымасць больш актыўна кантактаваць са СМІ». Тым не менш, як лічыць апазіцыянер, гэта нельга лічыць падтрымкай якога-небудзь кандыдата і, тым больш, планам па змене ўлады ў Беларусі.

Яраслаў Раманчук заявіў, што не ўсе расійскія эксперты лічаць паказ фільмаў «Хросны бацька» і «Хросны бацька 2» «адназначнай адмашкай на поўны разрыў з Лукашэнкам». На думку нейкаторых, «за чуб адзін аднога пацягаюць, потым змірацца».

Палітык таксама паведаміў, што Аляксандр Лукашэнка страціў манаполію на інфармацыю аб Беларусі ў расійскай інфармацыйнай прасторы, што звязана з ростам цікавасці расійскай палітэліты да Беларусі. «Сёння значна больш высокі попыт на альтэрнатыўныя варыянты развіцця адносінаў з Расіяй, на альтэрнатыўных людзей, канцэпцыі, чым гэта было раней», — заявіў намеснік старшыні АГП.

Па словах Яраслава Раманчука, беларуская апазіцыя можа разлічваць на падтрымку расійскіх партнёраў і на доступ да інфармацыйных рэсурсаў Расіі. Там ёсць эксперты, аналітыкі, кансультанты, якія даўно падтрымліваюць дэмакратычныя пераўтварэнні як у Расіі, так і ў Беларусі, паведаміў палітык.

Разам з Яраславам Раманчуком з візітам у Маскве знаходзіліся старшыня АГП Анатоль Лябедзька і сябра палітрады партыі Аляксандр Дабравольскі. Яны пабывалі на юбілеі сустаршыні партыі «Правая справа» Леаніда Гозмана. Беларускія апазіцыянеры пагаварылі таксама з гендырэктарам «Расійскай карпарацыі нанатэхналогій» Анатолем Чубайсам, намеснікам старшыні ўрада РФ Аляксеем Кудрыным, эканамістам Яўгенам Гатмахерам, прадстаўнікамі Дзярждумы РФ. Да таго ж яны далі інтэрв’ю на радыё «Эхо Москвы» і на Радыё «Свобода».

Как вам новость?
Головоломки