Раманчук: Лукашэнка ўмее спрачацца толькі з дубінай у руцэ

06.12.2010 10:59
Архив Редакция

Кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук лічыць, што дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка спрабуе альтэрнатыўных кандыдатаў "замазаць чорнай фарбай". «Ён не ўмее спрачацца па фактах, ён умее спрачацца толькі з дубінай у руцэ. Вось заклік разглядаць ўсіх кандыдатаў аднолькава і ёсць спосаб разборак з дубінай у руцэ», — заявіў Яраслаў Раманчук у інтэрв'ю Тэлеграфу.


— Пачаць інтэрв’ю хацелася б з пытання, якое мы задаем усім кандыдатам. Навошта асабіста Вы вырашылі балатавацца ў прэзідэнты Беларусі?

— Мэта майго ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі адна — стаць другім прэзідэнтам Беларусі, рэалізоўваць свае ідэі, бачанне Беларусі. Мы ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі напрацавалі ўнікальны набор дакументаў — законапраектаў, якія, на мой погляд, павінны стаць асновай будучай Беларусі. Калі ёсць каманда, ёсць праграма, ёсць энергія, ёсць бачанне Беларусі, натуральна, усё гэта хочацца рэалізаваць на карысць нашай краіны. Гэты ўнікальны набор фактараў, якіх няма ні ў аднаго кандыдата, уключаючы Лукашэнку (дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі — Тэлеграф), і заахвоціў нас да таго, каб стартаваць у гэтай кампаніі.

— Ці падтрымала Вас у гэтай ініцыятыве сям’я?

— Так, вядома. Я атрымаў блаславенне ад мамы. Яна, наогул, заўсёды са мной, падтрымлівае мяне і словам, і мясам, і духам. Яна моліцца за мяне. Падтрымала мяне і мая нявеста — яна ў мяне ў камандзе. Таксама і мае сваякі з Горадні актыўна збіралі подпісы. Таму ў нас тут абсалютнае ідэйнае адзінства.

— Некаторыя кандыдаты кажуць аб тым, што на іх адрас і на адрас іх родных гучаць пагрозы. Вы з такім не сутыкаліся?

— Не, у мяне такога няма. Я не баюся. На адрас маіх сваякоў, родных таксама не паступалі ніякія пагрозы. Адзінае, у штабе члены ініцыятыўнай групы паведамляюць рознага роду інфармацыю: студэнтам забараняюць удзельнічаць у рознага кшталту мерапрыемствах, папярэджваюць іх. Ёсць такога тыпу прыклады, але сваякам маім пагрозаў ніякіх не было.

— Вы праводзіце вельмі актыўны тур па рэгіёнах. Як людзі Вас сустракаюць там, як рэгіёны прымаюць Вашую праграму? Ці перашкаджаюць мясцовыя ўлады правядзенню сустрэчаў і мерапрыемстваў?

— Сапраўды, мы зрабілі акцэнт на тое, каб азнаёміць рэгіёны з нашай праграмай і з намі, каб людзі ведалі, хто такі Раманчук і чаму трэба за яго галасаваць. Рэгіёны, гэта значыць самі людзі, успрымаюць вельмі пазітыўна. Асабліва гэта тычыцца прадпрымальнікаў, моладзі. Людзі, якія прыходзяць на сустрэчу, скардзяцца, чаму не было інфармацыі. Вось тут прэтэнзіі да мясцовых органаў улады, таму што менавіта органы ўлады, выбарчыя камісіі абавязаны інфармаваць насельніцтва аб тым, што праходзяць сустрэчы, але яны робяць усё для таго, каб гэтага не рабіць.

У Маладзечне быў такі прыклад, калі мясцовая ўчастковая камісія апублікавала інфармацыю аб маёй сустрэчы на 15-й старонцы газэты, ледзь не сярод некралогаў. Гэта значыць фармальна яны выканалі тое, што ім кажа закон, але гэта вельмі фармальнае стаўленне.

Таксама на сустрэчы запрашаюць, вядома ж, штатных ідэолагаў, людзей, якія павінны задаваць правакацыйныя пытанні. Але для мяне няма правакацыйных пытанняў. Вельмі часта людзі засланыя, асабліва, пажылога ўзросту, вядуць сябе проста некарэктна ў рамках правядзення сустрэчаў. Яны выкрыкваюць нешта, перабіваюць. Але гэта хутчэй выключэнне. Значна менш такіх сустрэчаў, чым сустрэчаў пазітыўных, на якія людзі прыходзяць для таго, каб даведацца пра сітуацыю.

Мая праграма, напэўна, адзіная сярод кандыдатаў, пабудаваная на простым прынцыпе — захаваем лепшае, пабудуем новае. Таму я пачынаю з пазітыву, з таго, што ёсць у нашай краіне добрага, і тлумачэння таго, чаму гэта добрае трэба мадэрнізаваць.

— Як Вы ацэньваеце працу рэгіянальных СМІ, а таксама недзяржаўных СМІ?

— Ёсць розныя рэгіянальныя СМІ. Напрыклад, я абсалютна захоплены тым, як працуюць берасцейскія СМІ. Там ёсць і незалежныя газеты, і дзяржаўныя СМІ. Быў прыклад, калі яны проста хлусілі, і пад агнём крытыкі яны былі вымушаныя памяняць матэрыял, які яны напісалі пасля маёй сустрэчы. Незалежныя ж СМІ абсалютна фенаменальна працуюць і асвятляюць розныя пункты гледжання. Я б вельмі хацеў, каб у кожным рэгіёне была такая мадэль адносінаў СМІ з мясцовымі органамі ўлады, як у Берасці. Гэта феномен, які да гэтага часу пакідае ў мяне шмат пытанняў. У Баранавічах, у Барысаве ёсць добрыя выданні. Але гэта ўсё — прыклады незалежных СМІ.

Залежныя СМІ — дзяржаўныя выданні, і яны, на жаль, працуюць у рамках ідэалогіі выканкамаў і, вядома ж, робяць усё, што робяць рэспубліканскія СМІ, толькі з невялікімі ўкрапінамі мясцовага каларыту. А так, вядома ж, уся машына дзяржСМІ працуе выключна на аднаго кандыдата, а доля і ўплыў незалежных СМІ рэзка абмежаваныя.

— Прайшлі апошнія выступы кандыдатаў на радыё і тэлебачанні, і цяпер у дзяржСМІ аб альтэрнатыўных кандыдатах згадваць будуць, напэўна, значна радзей. Як Вы збіраецеся запаўняць гэты інфармацыйны вакуум?

— У нас ужо распланаваны практычна кожны дзень. У Мінску я буду бываць вельмі мала, таму што галоўнае — наведванне гарадоў, правядзенне сустрэчаў там. Слуцк, Полацк, Наваполацк, Віцебск, Гомель і Гомельская вобласць. Усё гэта ў планах ёсць, таму магчымасць працаваць з рэгіёнамі, прадстаўляць там інфармацыю, праводзіць пікеты з’яўляецца спосабам змагацца з інфармацыйным вакуумам у дзяржаўных СМІ.

На шчасце, ёсць і незалежныя СМІ, на шчасце, ёсць інтэрнэт, і наша прысутнасць у гэтых сродках масавай інфармацыі, вядома, будзе працягвацца.

— Хацелася б даведацца, ці супрацоўнічаеце Вы якім-небудзь чынам з іншымі кандыдатамі? Ці праводзіцца выпрацоўка адзінай стратэгіі, якую ў свой час Вы ж і прапанавалі альтэрнатыўным кандыдатам? На практыцы выбаршчыкі гэтага, нажаль, не бачаць.

— Уласна кажучы, гэтага не відаць на практыцы, таму што гэтага няма. Кожны лічыць сябе чамусьці нейкім асаблівым чалавекам. Я лічу некарэктнымі заявы асобных кандыдатаў аб тым, што яны — адмысловая «каста лідараў». Яны — такія ж, як і ўсё. Аб’ектыўнай сацыялогіі цяпер практычна няма, таму задача ў нас ва ўсіх адна — зрабіць так, каб быў другі тур, хто б ні перамог.

На жаль, тое, што мы казалі аб удзеле ва ўчастковых выбарчых камісій, усё практычна праігнаравалі. Ніхто не высунуў сваіх прадстаўнікоў, за выключэннем ПБНФ у невялікай колькасці.

Ёсць назіранне. Мы каардынуем свае дзеянні ў рамках назірання, у рамках створанай структуры, якая гэтым пытаннем займаецца. Але інфармацыйна мы дамовіліся не атакаваць адзін аднаго. Менавіта па гэтым прынцыпе я і наладжваю свае адносіны з іншымі.

Але зноў жа, я арыентуюся на аўдыторыю, якая значна шырэйшая за традыцыйны дэмакратычны электарат, а ўсе астатнія чамусьці топчуцца на гэтым 20-25% пляцыку. Я ж стаўлю задачу пасля прэзідэнцкай кампаніі значна пашырыць электарат тых сілаў, якія выступаюць за эфектыўныя рэформы.

— Яраслаў Часлававіч, Віталь Рымашэўскі 29 снежня, выступаючы па тэлебачанні, заклікаў усіх дэмакратычных кандыдатаў сустрэцца і выпрацаваць сумесную праграму дзеянняў. Ці паступала Вам асабіста падобнае запрашэнне, і ці прынялі Вы яго?

— Па тэлевізары такія рэчы не робяцца. Гэта можа быць часткай кампаніі для стварэння вобразу канструктыўнага кандыдата, але калі б чалавек хацеў нешта рабіць… Дарэчы, Віталь — адзіны кандыдат, які падтрымаў маю ідэю выпрацоўкі адзінай праграмы. Але паколькі мы былі ўдваіх, нічога не выйшла. Ёсць сэнс, калі такія рэчы робяць усё ці хаця б пераважная большасць. Тое ж самае тут. Я не думаю, што гэтая сустрэча адбудзецца, таму што ва ўсіх людзей розныя планы на кампанію. Каардынацыя тут можа быць выключна па адной тэме — 19 снежня. Гэта тэма, якая, сапраўды, хвалюе ўсіх. І мы — я ў сваім звароце і мае калегі — гаварылі пра гэта. Пытанне толькі ў тым, як кожны з нас, працуючы па сваёй праграме, робіць адну справу — робіць мабілізацыю, для таго, каб людзі разумелі, што, як бы яны ні прагаласавалі, трэба яшчэ і абараніць свой голас. А абарона будзе праходзіць менавіта 19 снежня.

— Хацелася б таксама каб Вы пракаментавалі выказванне Аляксандра Лукашэнкі аб альтэрнатыўных кандыдатах. Цытата: «Ніякай розніцы ў іх няма. Усё, што яны кажуць — гэта хлусня. Усе яны — гэта альтэрнатыва дзейнай улады: бел-чырвона-белыя, нацэленыя на гвалтоўную беларусізацыю, людзі выключна празаходняга вектару».

— Як раз Лукашэнка, я думаю, баіцца майго падыходу да прэзідэнцкай кампаніі, таго, што я, аналізуючы тэлевізійныя выступы, быў адзіным, хто казаў пра канструктыў, пра неўпамінанне яго.

Я на ўсіх сустрэчах падкрэсліваю, што мы супраць рэвалюцыі, супраць бунтарства з камянямі, мы — за канструктыўны дыялог. Мы супраць гвалтоўнай беларусізацыі, мы наогул супраць гвалту як такога ў чым бы там ні было. Таму Лукашэнка адчуў, што мы можам атрымаць падтрымку значна большага электарату, чым тыя традыцыйныя 25%. Адсюль такі прапагандысцкі трук, інструмент, каб усіх замазаць адной чорнай фарбай, усіх прычасаць адным грабянцом.

Тое, як ён рэагуе, кажа аб тым, што ў яго няма аргументаў, няма фактаў супраць нас. Нават той факт, што ён (і ягоны ўрад) спісаў, як двоечнік, асноўныя тэзісы і праграмы, кажа аб тым, што гэта — ідэйнае банкруцтва. Трэба гэта прызнаць. Ён не ўмее спрачацца па фактах, ён умее спрачацца толькі з дубінай у руцэ. Вось заклік разглядаць ўсіх кандыдатаў аднолькава і ёсць спосаб разборак з дубінай у руцэ.

Варта адзначыць, што інтэрв’ю Тэлеграфу Яраслаў Раманчук даваў на сваім офісе пасля сустрэчы з моладзевымі актывістамі. Кандыдат адказаў на пытанні моладзі, якія тычацца як правядзення агітацыйнай кампаніі, так і магчымай будучыні краіны пры прэзідэнце Яраславе Раманчуку. Характэрна, што многія студэнты на сустрэчы не пажадалі гаварыць, у якіх ВНУ яны вучацца. Па іх ўласным прызнанні, маладыя людзі баяцца, што за падтрымку апазіцыйнага кандыдата адміністрацыя ВНУ можа адлічыць іх ці прымяніць іншыя адміністрацыйныя меры.

Размаўляючы з моладдзю ў досыць нефармальнай абстаноўцы, Яраслаў Раманчук сярод іншага распавёў аб сваім намеры скасаваць верхнюю палату парламенту. У склад парламенту новага склікання, на думку кандыдата, павінны ўвайсці не «прызначэнцы», а вопытныя спецыялісты.

На пытанне аб тым, ці мае намер у выпадку сваёй перамогі на выбарах прапаноўваць якія-небудзь адказныя пасады ва ўладных структурах цяперашнім кандыдатам у прэзідэнты, Яраслаў Раманчук адзначыў, што іх досвед і грамадская падтрымка не можа не ўлічвацца новай уладай. «Першае, што прыходзіць на розум — Някляеў (лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў) у ролі міністра культуры. Але пакуль мы можам толькі спекуляваць на гэтую тэму», — адзначыў Яраслаў Раманчук.

Асаблівую цікавасць актывісты праяўлялі да пытання развіцця культуры і адукацыі ў Беларусі. Яраслаў Раманчук расказаў, што ў яго планы ўваходзіць стварэнне спецыяльнага фонду культуры, з бюджэту якога будуць вылучацца грошы на гранты таленавітым мастакам, пісьменнікам. Кандыдат прапануе ў цэлым перайсці ад цяперашняй малаэфектыўнай сістэмы фінансавання культуры да сістэмы грантаў і індывідуальнага фінансавання. Акрамя таго кандыдат лічыць неабходным адраджаць цікавасць беларусаў да ўласнай гісторыі. На думку Яраслава Раманчука, беларусы вельмі слаба ведаюць сваю гісторыю, свае вытокі.

На сустрэчы таксама было закранута пытанне нацыянальнай сімволікі і статусу беларускай мовы ў краіне. Кандыдат падкрэсліў, што выступае катэгарычна супраць гвалтоўнай беларусізацыі і не мае намеру аднаасобна прымаць рашэнне аб прызнанні бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня» ў якасці нацыянальных сімвалаў Беларусі. Яраслаў Раманчук перакананы, што гэтыя пытанні павінны разглядаць непасрэдна беларускія грамадзяне на рэферэндуме.

Разам з тым, сам кандыдат лічыць, што «народ гаворыць на той мове, на якой з ім стасуецца ўлада». Па словах Яраслава Раманчука, калі б парламентарыі, міністры, іншыя прадстаўнікі ўлады, у тым ліку, з экранаў тэлевізараў на працягу некалькіх гадоў звярталіся да грамадзян на беларускай мове, беларуская мова з часам вярнула б свае пазіцыі абсалютна натуральным чынам, без адміністрацыйнага прымусу.

Как вам новость?
Головоломки