Раманчук: Мытны саюз будзе існаваць фармальна

06.07.2010 15:31
Архив Редакция

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Яраслаў Раманчук лічыць, што Мытны саюз Беларусі, Расіі і Казахстана будзе існаваць толькі фармальна і нічога не дасць для Беларусі. "Пачалася інфармацыйная вайна. Яна падкрэслівае, што Мытны саюз будзе існаваць фармальна, як і іншыя дзясяткі дамоваў, якія былі паміж нашымі краінамі і існуюць цяпер", — сказаў эканаміст.

Па словах намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, «мы з 1992 года ўступаем у розныя інтэграцыйныя аб’яднанні, і да гэтага часу маем сітуацыю, калі Беларусь сварыцца з усімі і знаходзіцца ў самаізаляцыі», перадае сайт АГП.

«Былі спробы стварэння Мытнага саюза, Саюзнай дзяржавы, ЕўрАзЭС. Усё гэта прывяло да сварак паміж лідарамі краінаў. Гэта яшчэ адна спроба. Палітычнай волі я тут не бачу», — сказаў Яраслаў Раманчук.

Па словах эксперта, беларускі бок настроены на тое, каб нафтапрадукты былі бяспошлінныя, каб былі адзіныя кошты на нафту і газ. «Расія не будзе згаджацца. Таму сваркі будуць працягвацца. Я думаю, што мы нават не адчуем нічога пасля сённяшняга дня, калі ўступіў у сілу Мытны кодэкс», — упэўнены намстаршыні АГП.

Прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы лічыць, што «на межах Беларусі нашы афіцэры будуць кантраляваць расійцаў, расійцы будуць кантраляваць беларускія тавары». «А ў сувязі, напрыклад, з новымі патрабаваннямі да сертыфікатаў на мяса і малако, можна спадзявацца на пашырэнне мераў супраць беларускіх тавараў», — дадаў эканаміст.

«Так што, можна спаць спакойна. І, я думаю, што чэмпіянат свету па футболе, акажа на беларускую эканоміку большае ўздзеянне, чым падпісаны Мытны кодэкс», — падсумаваў Яраслаў Раманчук.

Как вам новость?
Головоломки