Раманчук: Мілінкевіч разбурае адзінства апазіцыі

02.08.2010 15:01
Архив Редакция

Заява кіраўніка Руху "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча аб тым, што ён бярэ на сябе ролю лідара прабеларускіх праеўрапейскіх сіл, выклікала неадназначную рэакцыю сярод іншых прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі. Яраслаў Раманчук, які балатуецца ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі, угледзеў у падобных дзеяннях палітыка спробу разбурэння адзінства апазіцыі.

«Перш чым рабіць такія заявы, трэба паглядзець, што Аляксандр Мілінкевіч зрабіў за прамінулы час. У 2006 годзе ён расчараваў дэмакратычную супольнасць, ён не змог дамагчыся свайго вылучэння нават у рамках «Беларускага незалежнiцкага блока». Вакол — падман, подкупы, разбурэнне, — адзначыў Яраслаў Раманчук. — Мілінкевіч ужо заявіў, што будучыя выбары — гэта не выбары, а пераходны этап. Сумленней ужо было б не ўдзельнічаць у гэтай кампаніі ўвогуле, калі ты не верыш у перамогу. Мілінкевіч зрабіў усё магчымае, каб разбурыць Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, і цяпер ён сваімі рукамі разбурае адзінства дэмакратычных сілаў, што відавочна не па-еўрапейску выглядае», перадае «Беларускі партызан».

Палітык лічыць, што вызначэнне адзінага кандыдата адсоўваецца ў часе і адбудзецца бліжэй да сканчэння збору подпісаў. «Тыя палітыкі, якія збяруць па 100 тысяч подпісаў, і атрымаюць легітымнае права ўдзельнічаць у вызначэнні адзінага. Такіх, думаю, будзе не больш за тры чалавекі. Аднак Аляксандр Мілінкевіч відавочна не ўваходзіць у групу людзей, якія будуць весці перамовы», — кажа прэтэндэнт ад АГП.

Рымашэўскі: вылучэнне адзінага немагчыма

Сустаршыня партыі «Беларуская Хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі лічыць размовы пра «прарасійскіх» ці «праеўрапейскіх» палітыках недарэчнымі. «Уявіце, што было б з польскім палітыкам, які б заявіў бы аб тым, што ён больш прагерманскі або прарасійскі. Беларускія палітыкі павінны праводзіць выключна прабеларускую палітыку, разлічаную на беларусаў. Натуральна, такія заявы могуць быць элементамі перадвыбарнай праграмы, але не больш за тое», — лічыць прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы ад БХД.

Віталь Рымашэўскі на дадзеным этапе не бачыць перспектыў у праекце «адзіны кандыдат». «Мы зрабілі ўсё магчымае для з’яўлення адзінага кандыдата ў прэзідэнты, у тым ліку — і ў рамках БНБ. На жаль, прыняцце любых празрыстых працэдураў вызначэння адзінага кандыдата блакавана нашымі партнёрамі, якія абвясцілі аб удзеле ў прэзідэнцкіх выбарах самастойна. Таму вы і самі можаце адказаць на гэтае пытанне: вылучэнне адзінага кандыдата на дадзеным этапе немагчымае», — падкрэсліў сустаршыня БХД.

Кастусёў: я такіх заяваў Мілінкевіча не чуў

Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, высунуты ў прэзідэнты ад Фронту, заявіў, што не чуў «такіх супярэчлівых заяваў Мілінкевіча». «Я з павагай стаўлюся да Мілінкевіча, у мяне з ім добрыя сяброўскія стасункі — аб ім я магу сказаць толькі добрае. Усе прысутныя ў Магілёве прэтэндэнты — гэта роўныя сярод роўных. Безумоўна, досвед Мілінкевіча найбольшы. Але калі будзе выпрацавана працэдура вызначэння адзінага кандыдата, то кожны з нас мае магчымасць стаць адзіным кандыдатам: і Мілінкевіч, і я, і ўсе астатнія», — адзначыў апазіцыйны палітык.

Как вам новость?