Раманчук: Нацбанку давядзецца ўключыць друкавальны станок

20.07.2010 09:54
Архив Редакция

У 2010 годзе кароткатэрміновыя абавязанні Беларусі, куды ўваходзяць даўгі дзяржавы, банкаў, прадпрыемстваў, па дадзеных Сусветнага банка, складаюць 9,9 млрд. даляраў. Для іх пагашэння Нацбанк можа ўключыць друкавальны станок, заявіў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук.

Па словах эканаміста, летась памер абавязанняў быў крыху ніжэйшы, а пазыкі ўдалося пагасіць дзякуючы знешнім пазычанням. «Сёлета пакуль незразумела, адкуль браць грошы. Так, банкі нешта возьмуць, прадпрыемствы, але дэфіцыт складзе каля сямі мільярдаў даляраў», — сказаў Яраслаў Раманчук.

Намеснік старшыні АГП заявіў, што ў гэтым чэрвені рэзка павялічыліся тэмпы росту грашовай масы. У сувязі з гэтым, па яго словах, «з’явілася неабходнасць дадрукоўваць грошы», перадае БелаПАН.

На думку Яраслава Раманчука, існуе яшчэ адзін варыянт закрыцця «дзіркі» па кароткатэрміновым абавязанням — продаж прадпрыемства «Беларуськалі». «Думаю, улады будуць спрабаваць рэалізаваць абодва варыянты — і прадаць гэтае прадпрыемства, і надрукаваць грошай. Таму што адно толькі ўключэнне друкавальнага станка прывядзе да падзення курсу рубля і скачка інфляцыі», — адзначыў эканаміст.

Акрамя таго, Яраслаў Раманчук выказаў меркаванне, што запланаваны сталічнымі ўладамі вынас магутнасцяў шэрагу прамысловых прадпрыемстваў «прадыктаваны жаданнем чыноўнікаў «прыхватызаваць» вызваленую маёмасць».

«У мінулым годзе не было адмашкі зверху на прыватызацыю і лібералізацыю. Але цяпер гэтыя працэсы набралі ход, і чыноўнікам, у якіх ёсць дастатковы капітал, трэба варушыцца, каб выгадна ўкласці сродкі. Лепш за ўсё «прыхватызаваць» маёмасць, якая будзе штомесяц прыносіць 50 — 100 тыс. даляраў прыбытку», — растлумачыў сваю пазіцыю Яраслаў Раманчук.

Как вам новость?
Головоломки