Раманчук: наша праграма ўжо год ляжыць у Крамлі

16.08.2010 15:29
Архив Редакция

Намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Яраслаў Раманчук заявіў, што, прыйшоўшы да ўлады пасля прэзідэнцкіх выбараў, ён плануе перабудаваць адносіны з Масквой. У прыватнасці, апазіцыйны палітык абяцае зняць усе прэтэнзіі да Расіі адносна коштаў на энерганосьбіты. "У Крамлі, я ведаю, нашу канцэпцыю пра гэта ўжо бачылі — яны атрымалі яе год таму", — адзначыў Яраслаў Раманчук.

«Не ведаю, ці дайшла наша канцэпцыя да Дзмітрыя Мядзведзева, але тое, што дакумент ёсць у адміністрацыі прэзідэнта, я ведаю дакладна. Сёння, нягледзячы на Саюзную дзяржаву, у нас няма свабоднага перамяшчэння грошай, тавараў, працоўнай сілы. Мы павінны на міжнароднай базе пабудаваць у нашай адзінай прасторы зону свабоднага гандлю», — лічыць Яраслаў Раманчук, перадае Газета.ru.

«Мы адразу здымем усе прэтэнзіі да Расіі, чаму яна прадае нам энерганосьбіты па сусветных цэнах — гэта натуральная, базавая ўмова партнёрства — сусветныя цэны. Ніякіх датацыяў, нічога не павінна быць», — заявіў прэтэндэнт у прэзідэнты Беларусі.

Таксама, на думку намесніка старшыні АГП, трэба зняць усе гандлёвыя тарыфныя і нетарыфныя абмежаванні на перамяшчэнне тавараў, і прапанаваць расійцам свабодны ўдзел у беларускай прыватызацыі — без якіх-небудзь ільгот і без усялякай дыскрымінацыі.

Раманчук: рэйтынг Лукашэнкі стаіць і нават зніжаецца

Яраслаў Раманчук лічыць, што ягоныя шанцы на будучых прэзідэнцкіх выбарах вялікія. «Асабліва з улікам таго, што сёння Лукашэнка стартуе на выбарах з пазіцыі, калі ў яго на 25% менш падтрымкі ў грамадстве, чым было мінулым разам, — патлумачыў апазіцыйны палітык. — У 2001, і ў 2006 гадах Лукашэнка за год пачынаў кампанію. Павышаў заробкі, пенсіі, рабіў нейкія палітычныя PR-хады, і яго рэйтынг ішоў уверх. Сёння ўжо да выбараў менш за паўгады, ён робіць усё тое ж самае, а яго рэйтынг стаіць і нават крыху зніжаецца».

Па словах Яраслава Раманчука, вынікі даследавання, праведзенага ў ліпені кампаніяй «Новак», паказваюць, што 51% апытаных хацелі б бачыць пры ўладзе новую асобу. 40% не давяраюць старым палітыкам з апазіцыі і ўлады.

«Мая задача — зрабіць так, каб узяць 25% падтрымкі дэмакратычных сілаў і дадаць да іх столькі ж людзей, якія не вызначыліся, і якія хацелі б пераменаў у Беларусі», — дадаў Яраслаў Раманчук.

Раманчук: Мілінкевіч — разбуральнік

Разважаючы аб канкурэнтах з боку апазіцыі набудучых прэзідэнцкіх выбарах, Яраслаў Раманчук заявіў, што самы высокі адмоўны рэйтынг у лідара Руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча. «Мілінкевіч — разбуральнік, ён стары твар. Ёсць вялікая колькасць людзей, якія ніколі, ні пры якіх абставінах за яго галасаваць не будуць», — лічыць намеснік старшыні АГП.

«Мілінкевіч — гэта чалавек, у якога ў 2006 годзе быў выдатны шанец стаць адзіным лідарам дэмакратычных сілаў. Але гэтыя шанцы ён бяздарна разгубіў. Ягоны рэйтынг з 20-25% ператварыўся ў 3%, а сярод дэмакратычных сілаў Мілінкевіч заваяваў трывалую рэпутацыю разбуральніка. Ён спрабаваў разбурыць аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, стварыў блок «За Cвабоду!», які зноў-ткі цяпер паспяхова разваліўся», — заявіў Яраслаў Раманчук.

Как вам новость?
Головоломки