Раманчук паабяцаў жанчынам траціну месцаў у новым урадзе

03.12.2010 11:33
Архив Редакция

Кандыдат у прэзідэнты ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук 2 снежня ў сваім другім тэлезвароце асаблівую ўвагу надаў праблеме дыскрымінацыі жанчын у Беларусі. Па словах кандыдата, у Беларусі нямала жанчын, годных займаць высокія пасады. Кандыдат паабяцаў, што новы ўрад, сфармаваны пасля яго перамогі на выбарах, будзе як мінімум на траціну складацца з жанчын.

«Прычым гэтыя пасты жанчыны будуць займаць не таму, што яны належаць да «прыгожага полу», а таму, што яны прафесіяналы сваёй справы», — падкрэсліў Яраслаў Раманчук.

Кандыдат ад АГП лічыць, што сёння да жанчын у Беларусі ставяцца «паблажліва і абразліва», што з’яўляецца недапушчальным. «Калі жанчына не з доўгімі нагамі, не стварае прывабны фон, яна не можа працаваць на сур’ёзным прадпрыемстве або ў дзяржаўнай установе. Гэтай дыскрымінацыі трэба пакласці канец», — заявіў кандыдат.

У цэлым у сваім выступе Яраслаў Раманчук у чарговы раз агучыў тэзісы сваёй перадвыбарнай праграмы. Так, палітык паабяцаў правесці канстытуцыйную рэформу, каб абмежаваць знаходжанне прэзідэнта пры ўладзе двума тэрмінамі, зрабіць яго падсправаздачным парламенту, а таксама стварыць незалежны суд.

Раманчук: «вертыкаль» улады павінна ператварыцца ў «гарызанталь»

Мясцовыя органы ўлады, на думку кандыдата, павінны абірацца, а не прызначацца, каб «вертыкаль» улады ператварылася ў «гарызанталь». 70% дзяржаўнага бюджэту павінны выдаткоўвацца непасрэдна мясцовымі органамі ўлады, лічыць Яраслаў Раманчук.

Кандыдат ад АГП паабяцаў выбаршчыкам адмяніць візы для грамадзянаў Еўрасаюза. Па словах Яраслава Раманчука, пасля гэтага кроку візавы бар’ер з Еўропай будзе зняты, і для грамадзян Беларусі з Еўрасаюзам таксама будзе ўведзены бязвізавы рэжым.

Акрамя таго Яраслаў Раманчук заявіў пра намер зняць абмежаванні па найме працаўнікоў для прадпрымальнікаў, знізіць падатковую нагрузку на бізнэс, а таксама павысіць заробкі і знізіць кошты на жыллё. Замест лядовых палацаў кандыдат у прэзідэнты прапанаваў будаваць сучасныя медыцынскія цэнтры, а таксама агульнадаступныя дваровыя спартовыя пляцоўкі.

У канцы свайго выступлення Яраслаў Раманчук заклікаў беларусаў не ўдзельнічаць у датэрміновым галасаванні, а ў дзень выбараў, 19 снежня, у 20:00 прыйсці на Кастрычніцкую плошчу Мінску. «Там збяруцца тысячы і тысячы людзей. Яны прыйдуць як на свята. Вы таксама прыходзьце. Вазьміце бутэрброды, тэрмасы з гарачай гарбатай, прывядзіце з сабой любімую цешчу, любага цесця, сваіх сяброў і знаёмых. Разам нас будзе грамада. І мы будзем чакаць, што нам скажа Цэнтральная выбарчая камісія», — сказаў Яраслаў Раманчук.

Па словах палітыка, сёння ні адзін з дзесяці кандыдатаў не здольны атрымаць перамогу ў першым туры галасавання, набраўшы 50% галасоў выбаршчыкаў. «Павінен быць другі тур. Хто ў яго выйдзе — невядома. Але мы прыйдзем на плошчу, каб патрабаваць справядлівасці, патрабаваць сумленных выбараў», — падкрэсліў Яраслаў Раманчук.

Как вам новость?