Раманчук: пабудуем новае і захаваем лепшае

30.11.2010 16:33
Архив Редакция

Кандыдат у прэзідэнты ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук лічыць, што ў Беларусі ёсць вялікі патэнцыял, які неабходна захаваць і прымножыць. Сваю перадвыбарчую праграму кандыдат так і назваў: "пабудуем новае, захаваем лепшае". Кандыдат у прэзідэнты перакананы, што стварыць эфектыўную эканамічную сістэму ў Беларусі можна, толькі стварыўшы неабходныя ўмовы.

«Імкненне цяперашняга кіраўніцтва краіны паўтарыць савецкі вопыт, які ў свой час прывёў да развалу Савецкага саюза, паставіла беларускую эканоміку на мяжу выжывання», — лічыць Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук лічыць вельмі неспрыяльнымі як умовы вытворчасці на існых дзяржаўных прадпрыемствах Беларусі, так і ўмовы для вядзення бізнэсу для інвестараў і айчынных прадпрымальнікаў.

Раманчук: сярэдні беларус 16 гадоў жыцця адпрацоўвае падаткі

«Прыватная ўласнасць не абаронена, што адпужвае інвестараў. Бізнэс задушаны велізарнай колькасцю кантралюючых органаў, праверкамі, падаткамі. Сёння беларус за ўсё сваю жыццё пры сярэдняй зарплаце плоціць 75 тыс. даляраў падаткаў. Гэта значыць, сярэдні беларус павінен 16 гадоў, 40% усяго працоўнага жыцця, адпрацаваць на падаткі», цытуюць Яраслава Раманчука «Беларускія навіны».

Паводле слоў кандыдата, неабходнасць рэфармаваць эканамічную сістэму краіны дзейныя ўлады выдатна разумеюць і спрабуюць прымяніць на практыцы некаторыя палажэнні праграмы дэмакратычных кандыдатаў, у тым ліку Яраслава Раманчука.

«Яны бяруць некаторыя палажэнні маёй праграмы, але ў іх нічога не атрымліваецца. Таму што рэфармаваць эканоміку, не змяняючы пры гэтым стаўленне да чалавека і грамадства, немагчыма. Нельга разлічваць на прыход інвестараў, не забяспечыўшы абарону прыватнай уласнасці. Нельга чакаць павелічэння паступленняў у бюджэт , не даўшы чалавеку сумленна зарабіць сваёй працай. Нельга патрабаваць ад моладзі заставацца ў краіне, не падаўшы ёй умоваў для рэалізацыі сваіх здольнасцяў на Радзіме. Нельга патрабаваць ад жанчын нараджаць больш, не гарантаваўшы іх сем’ям дастойныя ўмовы жыцця», — перакананы кандыдат ад АГП.

Раманчук абяцае адмяніць кантрактную сістэму

Уся перадвыбарчая праграма Яраслава Раманчука грунтуецца на пяці прыярытэтах. Першы з іх — стварэнне мільёна новых працоўных месцаў у Беларусі. Для гэтага кандыдат мае намер зняць усе абмежаванні па найме, скасаваць сістэму кароткатэрміновых кантрактаў і вырашыць жыллёвае пытанне маладых спецыялістаў.

Другім прыярытэтным напрамкам для кандыдата з’яўляецца стварэнне «вялікага грамадства», дзе рэалізуецца «кантроль грамадзянаў над дзяржавай, а не наадварот». Для гэтага Яраслаў Раманчук абавязуецца забяспечыць выбарнасць палітыкаў, ліквідацыю цэнзуры ў СМІ, гарантыю свабоды слова і суверэнітэту інтэрнэту.

Апроч гэтага кандыдат укладвае ў паняцце «вялікага грамадства» абавязковую бясплатную медыцынскую страхоўку для інвалідаў, пенсіянераў і шматдзетных сем’яў, вяртанне ільгот гэтым катэгорыям асобаў, павелічэнне заробкаў медыцынскім працаўнікам і настаўнікам, стварэнне прафесійнай арміі і захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў.

Трэці прыярытэт, на якім Яраслаў Раманчук засноўвае сваю перадвыбарчую праграму, гэта стварэнне «сумленнай дзяржавы» з паўнавартасным парламентам, незалежнай судовай сістэмай і выразным падзелам уладаў.

Раманчук абяцае пакінуць толькі тры падаткі для ІП

Чацверты пастулат кандыдата — стварэнне прыватнай эканомікі. «Беларусь стане адным з лепшых месцаў для прадпрымальніцтва ў Еўропе. Будзе ўведзена адзіная мытная пошліна на ўсе імпартныя тавары ў памеры 3%. Замест 30 падаткаў і збораў будзе толькі тры: падатак з раздробных продажаў тавараў і паслуг (20%), адзіны сацыяльны падатак (15%) і акцызы. Падатковыя зборы не будуць перавышаць 30% ВУП. За кошт спрашчэння справаздачнасці на руках у прадпрыемстваў штогод будзе дадаткова заставацца больш за тры мільярды даляраў», — заявіў Яраслаў Раманчук.

Пятым прыярытэтам для кандыдата ад АГП з’яўляецца «адкрытая краіна». Яраслаў Раманчук абяцае, што Беларусь будзе выбудоўваць партнёрскія ўзаемавыгадныя адносіны з Расіяй, Украінай, краінамі Еўрапейскага саюза. Да 2013 года, па словах кандыдата, Беларусь зможа выканае ўсе патрабаванні Сусветнай гандлёвай арганізацыі і стаць яе членам, а таксама ўступіць у зону свабоднага гандлю з ЕС.

Грошы на рэалізацыю гэтых праектаў Яраслаў Раманчук мае намер узяць у замежных інвестараў, а таксама за кошт скарачэння выдаткаў на дзяржаўны апарат і рэформы падатковай сістэмы. «Але галоўным рэсурсам будуць людзі, гатовыя зарабляць самі і даваць зарабляць іншым, якія паважаюць сябе, свой народ і сваю краіну», — падкрэсліў кандыдат у прэзідэнты.

Как вам новость?
Головоломки