Раманчук падаў у ЦВК дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы

23.09.2010 17:40
Архив Редакция

Яшчэ адзін прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі падаў у Цэнтрвыбаркам заяву на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. 23 верасня неабходныя для рэгістрацыі дакументы падаў намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі, эканаміст Яраслаў Раманчук.

Як паведаміў Яраслаў Раманчук, у яго ініцыятыўную групу ўвайшло 1,4 тыс. чалавек. Заўтра спіс дапоўняць яшчэ каля 100 чалавек, перадае БелаПАН.

Яраслаў Раманчук выказаў упэўненасць у тым, што ініцыятыўная група ў належны тэрмін зможа сабраць неабходную колькасць подпісаў для яго рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты.
 
«Галоўным прынцыпам фармавання групы была асабістая заява ад кожнага валанцёра, таму я ўпэўнены, што выпадковых людзей у ёй няма. У складзе маёй ініцыятыўнай групы ёсць як вопытныя зборшчыкі, здольныя ў адзіночку сабраць больш за тысячу подпісаў, так і навічкі», — сказаў палітык.
 
Як заявіў Яраслаў Раманчук, ён з’яўляецца поўнай супрацьлегласцю Лукашэнку: «Ён сімвалізуе ўсё старое, адмерлае, я — новае і перспектыўнае».
 
Па словах палітыка, яго ініцыятыўная група будзе звяртацца ў першую чаргу да тых людзей, якія хочуць пераменаў. А гэта, дадаў Раманчук, па меншай меры 50% насельніцтва.
 
Як раней паведамляў Тэлеграф, 20 верасня ЦВК зарэгістраваў першую ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам на пасаду прэзідэнта Віктара Цярэшчанкі. 23 верасня ў ЦВК паступілі яшчэ тры заявы ад Уладзіміра Някляева, Уладзіміра Правальскага і Наталлі Старыкавай. Сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі і старшыня аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч абяцалі прыйсці ў ЦВК 24 верасня.

Как вам новость?
Головоломки