Раманчук: партнёрства з Масквой — прыкмета прагматызму

14.09.2010 16:05
Архив Редакция

Намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук лічыць, што партнёрства і асаблівыя адносіны з Масквой — гэта прыкмета прагматызму і ўмення ўлічваць аб'ектыўныя рэаліі. "Хто б ні прыйшоў да ўлады, ён вымушаны будзе лічыцца з пазіцыяй Крамля", — заявіў прэтэндэнт на прэзідэнцкі пост.

Тым не менш, Яраслаў Раманчук лічыць, што на будучых выбарах у Беларусі пракрамлёўскіх кандыдатаў няма, і наўрад ці ён з’явіцца. Па словах беларускага палітыка, патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты значна выгадней сябраваць адначасова і з Расеяй, і з Еўрасаюзам. Дзяленне ж беларускай апазіцыі на прарасійскую і праеўрапейскую Яраслаў Раманчук лічыць штучным, паведамляе расійскі часопіс «Итоги».

Намеснік старшыні АГП таксама паведаміў, што Масква не вядзе пакуль непасрэднай працы з прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта Беларусі. «Але не выключана, што, калі кампанія кагосьці з апазіцыянераў пойдзе паспяхова, увага да яго з боку Крамля ўзрасце. Крэмль стомлены ад Лукашэнкі. Ад Масквы зыходзіць жаданне атрымаць новага, здольнага на дамовы, разумнага палітыка, з якім можна было б рэалізоўваць розныя мадэлі партнёрства», — адзначыў Яраслаў Раманчук.

«Але жаданне — яшчэ не дзеянне. У Маскве мне неаднаразова паўтаралі, што выбар павінен зрабіць беларускі народ. Хаця Расія, як мне здаецца, упершыню блізкая да таго, каб у выпадку масавых фальсіфікацыяў не прызнаць вынікі выбараў», — дадаў беларускі палітык.

Прызначэнне даты выбараў на 19 снежня беларускі палітык лічыць заканамерным. Па яго словах, у дзейнага прэзідэнта рэсурсаў хопіць толькі на два-тры месяцы. «Далей — крызіс у эканоміцы. Яму трэба паспець да таго, як усё пачне руйнавацца», — растлумачыў Яраслаў Раманчук.

Раманчук: Лукашэнку не ўдасца выйграць выбары

Акрамя таго, апазіцыйны палітык не выключае, што на будучых выбарах Аляксандар Лукашэнка пацерпіць паразу. «Яго рэйтынг зніжаецца. Частка электарату адварочваецца ад яго менавіта таму, што ён малюе расійскае кіраўніцтва чорнай фарбай», — растлумачыў Яраслаў Раманчук.

«Упэўнены, што канчаткова аб праходжанні кропкіі невяртання датычна Крамля і Лукашэнкі можна будзе сказаць, калі супраць яго або яго палітыкі выкажуцца не СМІ, а хто-небудзь з расійскага палітычнага істэблішменту. На верасень — кастрычнік запланаваны сустрэчы з прадстаўнікамі адміністрацыі прэзідэнта Расіі, тады і паглядзім «, — дадаў Яраслаў Раманчук.

У перадвыбарнай платформе намеснік старшыні АГП дакладна вызначана, на якія саступкі палітык гатовы пайсці ў адносінах з Захадам, на якія — з Крамлём. «Я гарантую роўны ўдзел у праектах і роўны доступ на рынак. Роўны з ЕС, Азіяй або Канадай. Расійцам не патрэбныя спецперавагі — яны ў іх ёсць дзякуючы веданню рэгіёну і ўжо наладжаным сувязям, галоўнае тут — не перашкаджаць», — растлумачыў Яраслаў Раманчук.

Раманчук прадставіў Беларусь на міжнародным форуме ў ЗША

Разам з тым, у цяперашні час намеснік старшыні АГП знаходзіцца на прэстыжным міжнародным форуме ў ЗША. Як паведаміў лідар партыі Анатоль Лябедзька, Яраслаў Раманчук — адзіны прадстаўнік Беларусі, які атрымаў права выступіць на форуме. Яраслаў Раманчук 13 верасня пачаў свой працоўны візіт у ЗША з сустрэчы з прэзідэнтам Цэнтра міжнароднага прыватнага прадпрымальніцтва Джонам Саліванам.
 
Джон Саліван высока ацаніў праграму Яраслава Раманчука «Мільён новых працоўных месцаў для Беларусі» і парэкамендаваў надаць асаблівую ўвагу абароне правоў уласнасці і мерам па процідзеянні карупцыі, перадае сайт АГП.

Па словах Яраслава Раманчука, Цэнтр міжнароднага прыватнага прадпрымальніцтва дапамагаюць палітыку заручыцца падтрымкай Амерыканскай гандлёвай палаты і вядучых рэфарматараў свету. «Я вельмі рады, што мая каманда рэфарматараў папоўнілася настолькі моцным удзельнікам», — дадаў намеснік старшыні АГП.

Как вам новость?
Головоломки