Раманчук плануе завяршыць збор подпісаў

22.10.2010 15:30
Архив Редакция

Кіраўнік выбарчага штаба намесніка старшыні АГП Яраслава Раманчука Леў Марголін 22 кастрычніка паведаміў, што ініцыятыўная група плануе ў гэтыя выходныя завяршыць збор подпісаў за вылучэнне яго кандыдатам у прэзідэнты. Паводле інфармацыі АГП, на дадзены момант за Яраслава Раманчука сабрана ўжо 110 тыс. подпісаў, да выходных чакаецца сабраць яшчэ дзесяць тысяч.

Па словах кіраўніка выбарчага штаба Яраслава Раманчука, АГП з самага пачатку кампаніі вызначыла неабходную колькасць подпісаў — 110 тыс. Гэта абумоўлена фінансавымі і рэсурснымі магчымасцямі партыі, растлумачыў Леў Марголін. «Малабюджэтная кампанія павінна выконваць нейкія часавыя і выніковыя рамкі», — падкрэсліў кіраўнік штаба, перадае карэспандэнт Тэлеграфа.

У сваю чаргу адзін з кіраўнікоў ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў Анатоль Паўлаў паведаміў, што вялікіх праблемаў са зборам подпісаў у ініцыятыўнай групы Яраслава Раманчука не было. Адзіным «дзіўным рэгіёнам» з пункту гледжання збору подпісаў стала Гомельшчына. «Не першыя выбары Гомель дастаткова пасіўны з пункту гледжання дэмакратычных кандыдатаў», — падкрэсліў Анатоль Паўлаў. Паводле яго слоў, выязны пікет там змог сабраць у падтрымку кандыдата за пяць дзён толькі 600 подпісаў.

У той жа час на Магілёўшчыне, радзіме дзейнага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, па словах кіраўніка ініцыятыўнай групы Яраслава Раманчука, удалося сабраць больш за 20 тыс. подпісаў.

Лябедзька: кампанія Раманчука працягнецца

У той жа час лідар АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што пытанне аб спыненні кампаніі па зборы подпісаў яшчэ не вырашанае канчаткова і яшчэ будзе абмяркоўвацца партыяй. У любым выпадку, па словах Анатоля Лябедзькі, кампанія ў падтрымку Яраслава Раманчука працягнецца.

«Мы працягнем праводзіць выязныя пікеты ў тых рэгіёнах, дзе ў нас не ішоў збор подпісаў ці ён быў недастаткова актыўным», — паведаміў Анатоль Лябедзька. Па яго словах, падобныя выязныя пікеты з’яўляюцца не «чыстым зборам подпісаў», а хутчэй знаёмствам выбаршчыкаў з патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты і яго праграмай.

Раманчук: людзі ў рэгіёнах губляюць страх

У сваю чаргу сам патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты ад АГП Яраслаў Раманчук расказаў, што выбаршчыкі ў рэгіёнах «губляюць страх». Удзельнічаючы ў выязных пікетах у розных раённых гарадах Беларусі, прэтэндэнт на прэзідэнцкі пост прыйшоў да высновы, што беларускія выбаршчыкі ўжо не баяцца «звязвацца» з апазіцыяй афіцыйнай улады.

«Першыя дваццаць-трыццаць хвілін людзі маўчаць, думаюць: як бы чаго не выйшла. Але ўжо праз гадзіну-другую размовы людзі пачынаюць губляць страх, пачынаюць падпісвацца», — распавёў Яраслаў Раманчук.

Акрамя таго, па выніках выязных пікетаў патэнцыйны кандыдат таксама пераканаўся ў тым, што беларусы гатовыя да рэформаў, у тым ліку, у тым выглядзе, у якім іх прапануе АГП. «Гэта рэформы не «шокавай тэрапіі», а збалансаваныя рэформы, якія ў першую чаргу звяртаюць увагу на чалавека, а таксама забяспечваюць баланс інтарэсаў прадпрымальнікаў, моладзі, дзяржавы», — падкрэсліў намеснік старшыні АГП.

Как вам новость?