Раманчук прапанаваў апазіцыі адзіную праграму замест адзінага кандыдата

10.11.2010 12:55
Архив Редакция

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук прапануе дзевяці дэмакратычным прэтэндэнтам адзіную праграму замест адзінага кандыдата. «ЦВК Беларусі прызнаў подпісы дзесяці кандыдатаў у прэзідэнты. Гэта адкрывае ім шлях да рэгістрацыі. Сітуацыя для нашай краіны унікальная. Ідэальная для імітацыі свабодных і дэмакратычных выбараў», — заявіў палітык.

«Свабода на этапе збору подпісаў была забяспечана. Палітычных зняволеных пачалі выпускаць. Праверка подпісаў прайшла з шырока заплюшчанымі вачыма. Еўрасаюз выказвае добразычлівасць і разуменне. Расія маўчыць. Народ у разгубленасці і здзіўленні. У перформансе пад назвай «дэмакратычныя прэзідэнцкія выбары» надыходзіць другі акт», — гаворыцца ў звароце, перадае сайт АГП.

«Першае. Адзінага кандыдата няма і не будзе. Сёння няма аднаго, відавочнага лідара. Ёсць лідары. Са структурамі, рэсурсамі і аўтарытэтам. Непамерныя амбіцыі многіх кандыдатаў, якіх ЦВК ветліва «запрасіў» (завабіў) на выбары», — адзначыў Яраслаў Раманчук.

«Другое. Байкот немагчымы. Занадта розныя людзі апынуліся ў дзявятцы прэтэндэнтаў. Занадта відавочныя «вушы» калектыўнага Гайдукевіча», — заявіў палітык.

Па-трэцяе, на думку намесніка старшыні АГП, няма адзінага, агульнага бачання прэзідэнцкай кампаніі. Ёсць каардынацыя асобных прэтэндэнтаў па ўдзеле ў выбарчых камісіях і назіранні. Ёсць размовы, але няма плану дзеянняў на 19-га снежня.

«Чацвертае. Ёсць 50% грамадзян, якія не вызначыліся, за каго галасаваць. Сёння яны не гатовыя падтрымаць ні Аляксандра Лукашэнку, ні яго апанентаў. Цяперашняга прэзідэнта яны ведаюць, а вось аб прэтэндэнтах маюць цьмянае ўяўленне», — сказаў Яраслаў Раманчук.

Па-пятае, па словах патэнцыйнага кандыдата, ні ў аднаго з апанентаў цяперашняга прэзідэнта няма дастатковага аб’ёму рэсурсаў, каб «пераканаць» зняцца на сваю карысць.

«Шостае. Надзеі на аб’ектыўны падлік галасоў, паўнавартаснае назіранне і доступ прыхільнікаў пераменаў да дзяржаўных СМІ пахаваныя», — дадаў апазіцыйны палітык.

У гэтай сітуацыі Яраслаў Раманчук прапануе, па яго словах, «самы рэалістычны, верны і надзейны спосаб кансалідацыі ўсіх дэмакратычных палітычных сілаў».

«Нас можа аб’яднаць адзіная Праграма прыхільнікаў пераменаў. Прапаную ўсім патэнцыйным кандыдатам як мага хутчэй прыступіць да яе распрацоўкі і ўзгаднення. З улікам каштоўнасцяў і інтарэсаў зацікаўленых асобаў я абавязуюся да 15 лістапада 2010 года прадставіць на абмеркаванне праект такой Праграмы. Пяць базавых каштоўнасцяў такой Праграмы — гэта свабода, незалежнасць, дэмакратыя, законнасць і рынкавая эканоміка. Да 24 лістапада Праграма можа быць узгоднена і прынятая. Кансэнсусам», — заявіў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта.

«Дзевяць кандыдатаў у прэзідэнты два разы па паўгадзіны на тэлебачанні змогуць гаварыць адным голасам. Дзевяць кандыдатаў на сустрэчах з выбаршчыкамі паціснуць мільёны рук — з адным пасланнем. Дзевяць кандыдатаў выступяць адной камандай, камандай прыхільнікаў пераменаў», — адзначаецца ў звароце.

Раманчук і Міхалевіч гатовыя падпісаць «Пакт аб ненападзе»

Апазіцыйныя кандыдаты на пасаду прэзідэнта Беларусі гатовы падпісаць «Пакт аб ненападзе». З такой ідэяй ўжо выступілі намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук і лідар саюза «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч, перадае «n#####n».

«Мы павінны заключыць пагадненне аб ненападзе да 19 снежня», — заявіў Яраслаў Раманчук. Пры гэтым прэтэндэнт лічыць, што праект «адзіны кандыдат» можна пахаваць. Таксама Яраслаў Раманчук упэўнены, што ў самога яго вельмі вялікія шанцы прайсці ў другі тур выбараў.

Алесь Міхалевіч, у сваю чаргу, сумняецца, што «пры сумленным падліку галасоў прэзідэнт можа быць абраны ў першым жа туры». Па словах апазіцыйнага палітыка, «для таго каб выходзіць на плошчу, трэба мець падставы — непрызнанне вынікаў выбараў і г.д. А акцыі пратэсту дзеля акцый пратэсту — я супраць», — заявіў Алесь Міхалевіч.

Рымашэўскі можа аб’яднацца са Статкевічам і Кастусёвым

Кіраўнік ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ад незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталя Рымашэўскага Павел Севярынец заявіў, што галоўнае цяпер — гэта аб’яднаць намаганні з кандыдатамі ад дэмакратычных сіл.

«Рэжым разлічвае, што 10 кандыдатаў ператвораць усё ў цырк. Трэба расчараваць Аляксандра Рыгоравіча (дзейнага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку — Тэлеграф)», — распавёў Павал Севярынец.

Пры гэтым апазіцыйны палітык адзначыў, што найбольш блізкія да Віталя Рымашэўскага пазіцыі прэтэндэнта ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва і лідара Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалая Статкевіча.

«З Някляевым (лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў — Тэлеграф), Саннікавым (кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў — Тэлеграф) і Раманчуком дамоўленасці магчымыя, калі прыбяруць прарасійскую накіраванасць у праграмах», — дадаў Павал Севярынец.

Как вам новость?
Головоломки