Раманчук: Расія ставіць крыж на саюзе з Беларуссю

16.06.2010 16:29
Архив Редакция

Прэтэндэнт на прэзідэнцкі пост ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук заявіў, што Крэмль вырашыў "паставіць крыж на Саюзнай дзяржаве Расіі і Беларусі і Мытным саюзе Беларусі і Расіі". Так эканаміст пракаментаваў ультыматум Расіі Беларусі па выплаце доўгу за газ, які ўтварыўся з пачатку 2010 года.

Па словах апазыцыйнага палітыка, цяпер Масква «прапанавала дастаткова элегантную схему выхаду з гэтых» інтэграцыйных «трупаў». «Беларусь, атрымліваецца, альбо далучаецца, альбо не», — канстатаваў Яраслаў Раманчук, перадае DELFI.

«Гэта ўжо не гульня ў бірулькі, не гандаль палітычнымі ф’ючэрсамі, а дастаткова сур’ёзная рэч. Крамлю відавочна надакучыла раздача Мінскам абяцанняў і іх невыкананне, гульні з Захадам, непрызнанне асноўных фундаментаў расійскай знешняй палітыкі», — мяркуе прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі.

«Гэта пакуль яшчэ падобна на апошняе, як кажуць, «кітайскае папярэджанне», таму што да канца чэрвеня Лукашэнка можа ўступіць у Мытны саюз. Але я думаю, што афіцыйны Мінск на гэта не пойдзе, бо ён сябе паводзіць занадта эмацыйна і ірацыянальна», — сказаў эканаміст.

Разам з тым, апазыцыйны палітык лічыць, што «Лукашэнка заплоціць, таму што не заплаціць — немагчыма». «Ёсць дакументы, і шантажаваць Расію тым, што мы не будзем плаціць за спажыты намі газ, думаю, вельмі слабы аргумент. У Беларусі заўтра ж не з’явіцца труба з Нарвегіяй ці Алжырам», — заключыў Яраслаў Раманчук.

Как вам новость?