Раманчук: у "Савецкай Беларусі" атрымаўся "Код Някляева"

14.01.2011 15:15
Архив Редакция

Публікацыя газеты «Савецкая Беларусь» аб акцыі апазыцыі 19 снежня нагадвае літаратурны твор невядомага беларускага аўтара ці групы аўтараў, лічыць экс-кандыдат у прэзідэнты і намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук. "Як Дэн Браўн пісаў пра «Код да Вінчы», так гэта атрымліваецца "Код Някляева", — заявіў палітык.

Так, «Савецкая Беларусь» паведаміла, што Яраслаў Раманчук «атрымаў каля 150 — 200 тыс. даляраў ЗША ад IRI на правядзенне лакальных акцый, пасля чаго з’ехаў у Нямеччыну і ЗША для атрымання дадатковага фінансавання».

«Гэта дзіўныя лічбы, гэта смешныя лічбы, яны мяне парадавалі, але не больш за тое», — сказаў кандыдат у прэзідэнты, перадае БелаПАН. Ён адзначыў, што сябры АГП матэрыял «прачыталі, пасмяяліся, паколькі нават на аўтамабіль не хапіла грошай», з-за чаго намеснік старшыні партыі дабіраецца на працу пешшу.

На думку Яраслава Раманчука, артыкул нельга пракаментаваць як афіцыйны дакумент. «Напісалі і напісалі. Каб чыталася весялей, можна было б дадаць яшчэ нейкіх сумаў, дэталяў асабістага жыцця не хапае. Каб раман стаў бэстсэлерам, патрэбныя яшчэ нейкія вобразы з асабістага жыцця, тады гэта будзе купляцца», — растлумачыў палітык.

Былы кандыдат лічыць, што дадзеная публікацыя з’яўляецца прыкладам «распаўсюджвання рознай інфармацыі на зададзеную тэму».

Як ужо перадаваў Тэлеграф, інфармацыю, апублікаваную ў дадзеным матэрыяле «Савецкай Беларусі», таксама абверг лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч. Выданне ўказала, што ён прапаноўваў «раскруціць» Уладзіміра Някляева як кандыдата на выбарах у абмен на мільён даляраў.

«Калі б я прасіў, то мільёнаў дзесяць як мінімум, і то — не для таго, каб дапамагчы кампаніі «Гавары праўду!», а для таго, каб выкарыстоўваць у сваіх мэтах», — заявіў палітык.

Как вам новость?
Головоломки