Раманчук: за кіло свініны беларусу трэба працаваць у 10 разоў больш за амерыканца

11.11.2010 11:51
Архив Редакция

Кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізеса, патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты ад АГП Яраслаў Раманчук і кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка прадставілі ў Мінску вынікі даследавання сацыяльнага дабрабыту беларусаў за апошнія пяць гадоў. Паводле даследаванняў, каб купіць кілаграм свініны, беларусам трэба працаваць у 10 разоў больш, чым амерыканцам.

«Індэкс дабрабыту» — гэта паказчык таго, колькі часу неабходна выдаткаваць чалавеку для набыцця кошыка 35 базавых тавараў (харчовых, нехарчовых, жылля) і паслуг (бытавых паслуг, аховы здароўя, адукацыі) пры бягучым ўзроўні раздробных коштаў у краіне і сярэдняй намінальнай зарплаты па краіне.

У якасці асноўных суб’ектаў для параўнання эксперты ўзялі Польшчу, Расію, і ЗША. Яраслаў Раманчук адзначыў, што ў апошнія пяць гадоў назіраецца відавочны рост сацыяльнага дабрабыту ў Беларусі. «Рэальная зарплата ў далярах у нас стала значна вышэйшай. Цяпер яна складае 390 даляраў — гэта сярэдні цяперашні паказчык за студзень-люты. У 2005 годзе заробак быў 210 даляраў. Адна працоўная гадзіна цяпер каштуе ў нас 2,5 даляры. У той час як у 2005 годзе яна каштавала 1,3 даляра», — адзначыў патэнцыйны кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Аднак, паводле яго слоў, у параўнанні з суседнімі краінамі тэмпы росту сацыяльнага дабрабыту беларусаў значна ніжэйшыя. «Тое, што эканамічная мадэль, створаная ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, дала значна вялікія вынікі — гэта відавочна. Так, напрыклад, палякі сталі жыць так, як жылі амерыканцы ў 1990 годзе. У той час як у нас узровень даходаў, у параўнанні з амерыканскім, складае ўсяго 11%», — праінфармаваў Яраслаў Раманчук.

На кватэру ў Менску беларусу давядзецца працаваць 14 гадоў

Так, эканамісты і аналітыкі высветлілі, што сёння беларусу, каб купіць кілаграм свініны, трэба адпрацаваць 1 гадзіну 58 хвілін (амаль у два разы менш, чым у 2005 годзе), расійцу на гэта спатрэбіцца 1 гадзіна 13 хвілін, паляку — 27 хвілін, а амерыканцу — 12 хвілін працы. На аўтамабіль Ford Fiesta беларусу давядзецца працаваць тры гады і пяць месяцаў, расійцу — два гады і тры месяцы, паляку — 10 месяцаў 13 дзён, а амерыканцу — усяго пяць месяцаў. Кватэру плошчай 60 квадратных метраў у сталіцы беларус зможа купіць, прапрацаваўшы 14 гадоў, расіец — 19 гадоў, паляк — шэсць гадоў сем месяцаў, амерыканец — шэсць гадоў чатыры месяцы.

«Як паказала статыстыка параўнання коштаў у Беларусі, Расіі і Польшчы, не кажучы ўжо пра ЗША, Беларусь даўно ўжо выйшла на сусветны ўзровень коштаў. Больш за тое, па многіх пазіцыях яна ўжо перавысіла гэты ўзровень, і беларусы змушаныя купляць тавары, якія здаюцца спекулятыўнымі амерыканцам, немцам ці палякам», — адзначыў Яраслаў Раманчук.

Патэнцыйны кандыдат упэўнены ў тым, што Беларусь зможа стаць сапраўды заможнай краінай толькі тады, калі стане па-сапраўднаму дэмакратычнай і ліберальнай. Вынікі праведзенага даследавання Яраслаў Раманчук плануе накіраваць у Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі, Савет міністраў, а таксама ў міністэрства і ведамствы, каб беларускія чыноўнікі зрабілі адпаведныя высновы, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Сярод рэкамендацый, накіраваных на павышэнне ўзроўню сацыяльнага дабрабыту, эксперты ў першую чаргу адзначылі лібералізацыю коштаў і забеспячэнне роўнасці ўмоваў гаспадарання ўсіх эканамічных суб’ектаў. Эксперты таксама ўказалі на неабходнасць паніжэння падатковай нагрузкі і спрашчэнне сістэмы адміністравання падаткаў, перадае сайт АГП.

Акрамя таго, яны настойваюць на ўступленні Беларусі ў СГА, вядзенні адкрытага гандлю і інтэграцыі ў міжнародныя эканамічныя саюзы.

Как вам новость?
Головоломки