Раманчук: за Плошчу адказныя Саннікаў і Статкевіч

25.01.2011 16:19
Архив Редакция

Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Яраслаў Раманчук 25 студзеня апублікаваў сваё бачанне прамінулай прэзідэнцкай кампаніі і акцыі апазіцыі 19 снежня ў Мінску. На думку экс-кандыдата, за падзеі на плошчы Незалежнасці адказныя яго былыя супернікі па прэзідэнцкай гонцы Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч. Тым не менш, Яраслаў Раманчук не здымае адказнасці і з сябе.

Па словах палітыка, незалежна ад таго, хто рыхтаваў акцыю 19 снежня, людзі пайшлі да Дому ўрада толькі пасля таго, як экс-кандыдаты Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч прынялі рашэнне «ісці» на плошчу Незалежнасці. Разам з тым Яраслаў Раманчук адзначыў, што прадстаўнікі перадвыбарчых штабоў іншых кандыдатаў на плошчы не вылучалі ніякіх «сцэнароў» развіцця акцыі. «Калі ў іх быў іншы сцэнар, то яны яго не абвясцілі», — адзначыў палітык у сваім блогу.

«Я нясу частку сваёй адказнасці за тое, што здарылася ў Мінску вечарам і ноччу 19 снежня. Я шкадую, што не спыніў людзей на Кастрычніцкай плошчы. Мне б варта было самому да гэтага дня пацікавіцца, што рыхтуюць іншыя кандыдаты, да чаго рыхтуюцца іншыя сілы. Мне трэба было б быць больш красамоўным і пераканаць людзей не паддавацца на правакацыі і не быць іх часткай. Плошча — гэта сімвал свабоды, месца выражэння грамадзянскай пазіцыі. Яна павінна быць мірнай», — заявіў Яраслаў Раманчук.

У публікацыі Яраслаў Раманчук таксама прыводзіць свае развагі з нагоды таго, ці быў штурм Дома ўрада загадзя спланаванай правакацыяй, і кажа пра тых, каму было выгадна менавіта такое развіццё падзей у Мінску.

На думку экс-кандыдата, найбольшую шкоду ад беспарадкаў у Мінску ў дзень выбараў панеслі «тыя дэмакратычныя лідары, палітычныя партыі і арганізацыі, якія праводзілі канструктыўную кампанію, накіраваную на пашырэнне колькасці прыхільнікаў пераменаў». Пасля гэтых падзей, на думку Яраслава Раманчука, у найбліжэйшыя некалькі гадоў у Беларусі ёсць некалькі шляхоў развіцця: поўная самаізаляцыя, кіраваная дэмакратыя і растварэнне ў Расіі.

З поўным тэкстам публікацыі Яраслава Ромачука можна азнаёміцца ў яго блогу.

Как вам новость?