Раманчук: закладзены ў праекце дэфіцыт бюджэту заніжаны

06.09.2010 17:12
Архив Редакция

У праекце дзяржаўнага бюджэту Беларусі на 2011 год прадугледжаны дэфіцыт бюджэту ў памеры 3% ВУП. Кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізеса Яраслаў Раманчук лічыць, што гэты паказчык заніжаны. Больш за тое, эксперт лічыць, што Закон аб бюджэце ў Беларусі ператварыўся ў чыстую фармальнасць, не мае нічога агульнага з рэальнай сітуацыяй у краіне.

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі мусіць разгледзець праект бюджэту на 2011 год 6 верасня на пашыраным пасяджэнні пастаяннай камісіі па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы.

Як патлумачыў палітолаг Аляксандр Класкоўскі, звычайна дэпутаты атрымліваюць праект дзяржбюджэту ў канцы года. Так, у 2009 годзе ён паступіў у пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў у пачатку снежня, перадае «Заўтра тваёй краіны».

«Такая спешка ў цяперашняй сітуацыі незразумелая. Існуе поўная няяснасць наконт таго, у якіх умовах давядзецца працаваць у наступным годзе. Як можна прымаць бюджэт, не ведаючы, колькі будзе каштаваць газ? Наперадзе цяжкія перамовы, вынік якіх пакрыты цемрай. Акрамя таго, невядома, колькі бяспошліннай нафты дасць Расія і ці дасць наогул. Вярстаць бюджэт без уліку гэтых параметраў — гэта складаць «фількіну грамату»», — лічыць эксперт.

У сваю чаргу Яраслаў Раманчук заявіў, што ў праекце бюджэту на 2011 год пастаўленыя нерэальныя мэты: сярэдні заробак беларусаў у 500 даляраў, рост эканомікі ў 13%.

Раманчук: розніца ў 2-3 млрд. даляраў для заканадаўцаў Беларусі не істотная

«У 2009 годзе, калі прымаўся Закон аб бюджэце на 2010 год, улады таксама разлічвалі, што Беларусь атрымае бяспошлінную расійскую нафту, таму ваганні ў два — тры мільярды даляраў для беларускага заканадаўцы не маюць ніякага значэння. У любым выпадку бюджэт перарабляецца, секвестуецца ўказамі прэзідэнта ў працоўным рэжыме», — растлумачыў эканаміст.

Так, у 2010 годзе дэфіцыт бюджэту павінен складаць 1,5%, але на сённяшні дзень ён ужо складае 3%, і, па словах эксперта, гэтая лічба можа рэзка ўзрасці да канца года.

«Калі добра палічыць, то яна можа быць у два разы вышэйшай, што гаворыць пра скрайнюю няўстойлівасць дзяржаўных фінансаў. Што тычыцца цаны на энерганосьбіты, то «Газпром» ужо заяўляе аб 250 далярах за тысячу кубаметраў газу ў наступным годзе. І ў кантэксце невырашальных супярэчнасцяў паміж Пуціным, Мядзведзевым і Лукашэнкам цана наўрад ці будзе ніжэйшай», — выказаў сваё меркаванне Яраслаў Раманчук.

Акрамя таго, па словах эканаміста, квоты на бяспошлінныя пастаўкі нафты могуць знізіцца, а кошты на энэргарэсурсы для прамысловых спажыўцоў, наадварот, вырасці на 30-40%.

Как вам новость?