Раманчук: Захад павінен дапамагчы беларусам рушыць наперад

28.01.2011 12:08
Архив Редакция

Экс-кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук заклікае заходнія краіны сістэматычна працаваць з беларускай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю, каб "зламаць атмасферу страху і рухацца наперад". Пра гэта ён заявіў 27 студзеня на канферэнцыі ў Берліне, назваўшы галоўнай задачай такой працы вызваленне затрыманых пасля прэзідэнцкіх выбараў. 

На думку палітыка, Еўрасаюз і ЗША павінны ўвесці санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва, аднак такія рашэнні неабходна прымаць мудра, каб быў баланс, і ва ўладаў рэспублікі заставалася «магчымасць абараніць незалежнасць краіны, каб пагружэнне ў Расію не было такім глыбокім і незваротным», перадае БелаПАН.

Яраслаў Раманчук выказаў меркаванне, што Захад «павінен быць гатовы выпрацаваць інструменты для працы з тымі, хто можа ствараць новую якасць грамадзянскай супольнасці, СМІ, палітычных партый». Былы кандыдат у прэзідэнты лічыць, што можна супрацоўнічаць і з уладамі Беларусі. Напрыклад, такое супрацоўніцтва можа праходзіць у сферах бяспекі, гуманітарнай дапамогі, міграцыі, аховы межаў, палягчэнні візавага рэжыму, аднак не ў пытаннях адукацыі, грамадзянскай супольнасці і экспертнай ацэнкі, лічыць Яраслаў Раманчук.

Акрамя таго, адзначыў ён, з мэтай «дамагчыся прынцыпова іншага развіцця краіны», у Беларусі трэба арганізаваць інстытуцыянальнае будаўніцтва і партыйнае супрацоўніцтва. Таксама неабходна скарэктаваць працу апазіцыйных партый з насельніцтвам, улічваючы памылкі, дапушчаныя ў мінулых выбарчых кампаній.

Чалы: улады Беларусі выкарыстоўваюць санкцыі ў сваіх мэтах

Выступаючы на канферэнцыі, беларускі эканаміст Сяргей Чалы заявіў, што эканамічныя санкцыі з боку Захаду афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі будзе выкарыстоўваць для дасягнення сваіх мэтаў. Эксперт адзначыў, што ўжо два гады Расія праводзіць з Беларуссю эканамічную вайну. Яна «шукала болевыя кропкі Беларусі, але не знайшла», кажа Сяргей Чалы. На яго думку, становішча ў рэспубліцы «пачне паляпшацца, калі вельмі сур’ёзна пагоршыцца».

Ленінг: офіс АБСЕ павінен працягваць працу ў Беларусі

Упаўнаважаны ўрада Германіі па правах чалавека Маркус Ленінг, у сваю чаргу, падтрымаў Яраслава Раманчука, выказаўшы меркаванне, што асноўным патрабаваннем ЕС з’яўляецца вызваленне арыштаваных. Ён заявіў, што адхіляе аргумент «часоў халоднай вайны», калі ў Германіі таксама збівалі мітынгоўцаў. «Так, на жаль, такое бывае, але ў такім выпадку да адказнасці могуць быць прыцягнутыя паліцэйскія і палітыкі, адказныя за падзеі, але ў турме не аказваюцца тыя, хто быў збіты!» — растлумачыў ён.

Затым Маркус Ленінг раскрытыкаваў абвінавачванні беларускіх дзяржСМІ на адрас Польшчы і Нямеччыны аб падрыхтоўцы перавароту ў Беларусі.

«Захад з радасцю ўхапіўся за саломінку надзеі, што сітуацыя можа палепшыцца, і быў шакаваны і расчараваны ў вечар прэзідэнцкіх выбараў», — заявіў упаўнаважаны ўрада ФРГ па правах чалавека. Ён спадзяецца, што офіс АБСЕ зможа працягваць сваю працу ў Беларусі. Маркус Ленінг заўважыў, што мандат офіса можна перагледзець, але такім чынам, каб ён «захаваў асноўныя функцыі, і місія магла працягнуць працу ў краіне, назіраць за працэсамі і паведамляць пра іх».

Таксама на канферэнцыю запрашалі амбасадара Беларусі ў Берліне Андрэя Гіро, але дыпламат не змог узяць у ёй удзел.

Как вам новость?