Раманчук просіць эфіру ў расійскіх тэлеканалаў

07.12.2010 12:35
Архив Редакция

Кандыдат у прэзідэнты Беларусі, намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук звярнуўся да кіраўнікоў замежных тэлеканалаў з заявай аб адсутнасці роўных умоў для агітацыі ў кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Яраслаў Раманчук у сваім звароце таксама выступіў з просьбай даць эфірны час для кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі.

Свой зварот кандыдат у прэзідэнты накіраваў генеральнаму дырэктару Першага канала (Расія) Канстанціну Эрнсту, гендырэктару НТВ (Расія) Уладзіміру Кулісцікаву, старшыні УДТРК (Расія) Алегу Дабрадзееву, гендырэктару РэнТВ (Расія) Аляксандру Арджанікідзэ, гендырэктару «5 канала» (Украіна) Івану Адамчуку, а таксама прэзідэнту дырэкцыі Euronews Філіпу Кейла (Philippe Cayla).

У заяве кандыдата сказана: «Рэспубліка Беларусь у дадзены момант перажывае важны этап сваёй гісторыі. Прэзідэнцкія выбары павінны вызначыць, па якім шляху будзе развівацца наша краіна. Гэта будзе альбо шлях дэмакратыі, адкрытасці знешняму свету, пабудовы эфектыўнай эканомікі, свабоды слова, павагі да чалавека і абароны яго правоў, альбо працяг спробаў вярнуцца ў СССР з яго правальнай эканамічнай сістэмай, прыгнётам свабоды слова, пагарды законамі ўнутранымі і міжнароднымі, канфрантацыі з усім светам, з пародыямі на з’езды КПСС і пажыццёвым генсекам. Першы шлях развіцця адстойваюць 9 кандыдатаў у прэзідэнты, якія ўдзельнічаюць у перадвыбарчай кампаніі. І толькі адзін кандыдат — чалавек, які зараз займае пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, — з’яўляецца тормазам на аўтабане».

«Грамадзяне Беларусі даўно стаміліся ад бесперспектыўнай палітыкі гэтага чалавека, ад яго пустаслоўя і непавагі да людзей. Адзіны яго шанец захаваць сваю ўладу — гэта не даць выбаршчыкам доступу да інфармацыі. Таму СМІ Беларусі, манапалізаваныя ім, дэманструюць народу толькі аднаго кандыдата. На любога з дзевяці альтэрнатыўных кандыдатаў за ўсю перадвыбарчую кампанію на беларускім ТБ прыходзіцца толькі 1 (адна!) гадзіна эфірнага часу. Сюжэты ж з дзеючым Прэзідэнтам (ён жа кандыдат у Прэзідэнты) з’яўляюцца на тэлеэкранах штодня па некалькі разоў. Колькасць яго згадак у дзяржаўных СМІ ўжо ў 1000 (тысячу!) разоў перавысіла згадкі ўсіх астатніх кандыдатаў», — гаворыцца ў звароце Яраслава Раманчука да кіраўнікоў замежных тэлеканалаў.
 
«У грамадзян Беларусі ў такіх умовах застаецца толькі адна надзея — атрымаць інфармацыю з даступных крыніц, якія не знаходзяцца пад кантролем кіруючага рэжыму Беларусі. Улічваючы, што Вашыя каналы можна ўбачыць у Рэспубліцы Беларусь, звяртаюся да Вас з просьбай даць дэмакратычным кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь магчымасць звярнуцца да выбаршчыкаў з дапамогай Вашых каналаў», — гаворыцца ў заяве.

Как вам новость?
Головоломки