Раманчука могуць выключыць з АГП толькі праз год

07.02.2011 17:21
Архив Редакция

Калі экс-кандыдат у прэзідэнты і намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі не падасць у адстаўку, то пытанне аб яго выключэнні з партыі можа быць вырашана толькі на з'ездзе партыі. Аб гэтым заявіў Тэлеграфу намеснік кіраўніка АГП Леў Марголін. Аднак бліжэйшы з'езд запланавана правесці праз год, і невядома, ці будзе магчымасць арганізаваць яго раней.

Пра гэта палітык паведаміў, адказваючы разам з іншымі прадстаўнікамі кіраўніцтва АГП на пытанні Тэлеграфа адносна рашэнняў, прынятых 7 лютага на пасяджэнні Нацыянальнага камітэту партыі. Гэта, у прыватнасці, вызваленне Андрэя Дзмітрыева ад пасады старшыні камісіі АГП па міжнародных сувязях і выражэнне вотуму недаверу Яраславу Раманчуку.

Валчанін: Яраслаў ўвесь час выкручваецца

«Андрэя Дзмітрыева мы паважаем як члена партыі, але сядзець на двух крэслах нельга, бо ён з’яўляецца таксама членам штаба Уладзіміра Някляева. Што тычыцца Яраслава, то мы нікому не дазволім яго абражаць, але самі па-таварыску яму прапанавалі сысці. Таму што палітыку такога рангу нядобра выступаць з палітычна неправеранымі заявамі, тым больш — у адносінах да жанчын. Калі б яшчэ ён прозвішчаў не ўказваў, то добра — прапусцілі б. Але там гучалі прозвішчы! Гэта тычыцца тых, хто цяпер сядзіць, іх сем’яў! Нельга так было рабіць», — лічыць старшыня камісіі палітрады па чарнобыльскіх пытаннях Аляксандр Валчанін.

(Як ужо перадаваў Тэлеграф, раніцай 20 сьнежня Яраслаў Раманчук заявіў, што былыя кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч і Віталь Рымашэўскі справакавалі беспарадкі і ажыццявілі спробу захопу Дома ўрада, ставячы пад пагрозу жыццё тысяч чалавек.

«Саннікаву, падаграванаму ягонай жонкай Ірынай Халіп, вельмі хацелася сарваць крухкі дыялог, які зараджаўся паміж Беларуссю і міжнароднай супольнасцю», — у прыватнасці, сказаў тады палітык.)

Паводле слоў Аляксандра Валчаніна, Яраслава Раманчука не выключылі з АГП, як напрыклад, былога старшыню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоля Ляўковіча, паколькі «Яраслаў зрабіў нямала для партыі».

«Сёння размова была вельмі сур’ёзнай, і БСДП (Г) хай разбіраецца сама. Мы не можам займацца самаедствам — Яраслаў будзе ў нас працаваць, калі захоча. Ён сёння сказаў, што не можа сказаць адкрыта, чаму зрабіў тады такую заяву. Бо ён даў падпіску аб неразгалошванні, яму сказалі: калі будзеш гаварыць, то заўтра мы табе прад’явім абвінавачанне. Аднак Яраслаў не сказаў прама, што на яго аказвалі ціск, ён увесь час выкручваецца», — удакладніў Аляксандр Ваўчанін.

Дабравольскі: Раманчуку прапаноўваюць самому падаць у адстаўку

«Да Андрэя Дзмітрыева ў нас прэтэнзіі не столькі як да міжнароднага сакратара. Тут іншае — канфлікт інтарэсаў. Займаць кіроўчыя пасады так, як ён — гэта ненармальна. Але мы дамовіліся з Андрэем, што ён будзе дапамагаць камісіі як член партыі», — паведаміў член нацыянальнага камітэту АГП Аляксандр Дабравольскі.

Што тычыцца магчымага зняцця з пасады Яраслава Раманчука, то гэтае пытанне можа вырашацца толькі на з’ездзе партыі, сказаў палітык. Ён растлумачыў, што некаторыя члены партыі, як, напрыклад, Аляксандр Валчанін, «не дазволяць абражаць» намстаршыні АГП. «Пры гэтым Валчанін заклікаў яго самому падаць у адстаўку!» — удакладніў Аляксандр Дабравольскі.

Марголін: пасля выбараў кампанія «Гавары праўду!» стала палітычнай

Намеснік старшыні АГП Леў Марголін, кажучы пра Андрэя Дзмітрыева, у сваю чаргу заявіў аб магчымым сутыкненні інтарэсаў партыі і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», дырэктар якой — экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў. Кіраўніком штабу Някляева, у сваю чаргу, з’яўляецца Андрэй Дзмітрыеў.

«Андрэй застаецца ў межах кампаніі «Гавары праўду!», яе збіраюцца працягваць, і тут можа паўстаць канфлікт інтарэсаў. Бо кампанія, як і АГП, пераследуе палітычныя мэты. Калі да выбараў «Гавары праўду!» яшчэ магла пазіцыянаваць сябе як грамадзянская кампанія, то пасля выбараў — толькі як палітычная. Прынамсі, мы так лічым», — адзначыў Леў Марголін.

«Пытанне аб Яраславе «вісела» ўвесь гэты час. Мы спецыяльна зацягнулі з яго рашэннем на паўтара месяцы, таму што хацелі разабрацца спакойна, без эмоцый. Але ўсё-ткі, на думку большасці членаў партыі, Яраслаў Раманчук не мае права рабіць нейкіх заяў ад імя АГП. Гэта і сёння было відаць, што ён не згодны з меркаваннем большасці і мае сваё. Дэ-юрэ пытанне аб яго выключэнні вырашаць можа толькі з’езд. Але калі ён адбудзецца — невядома, планавы з’езд партыі павінен адбыцца толькі праз год. Аднак Яраслаў можа яшчэ і сам заявіць аб складанні сваіх паўнамоцтваў», — дадаў Леў Марголін.

Как вам новость?