Прэзiдэнт ЕС: мы працягнем супрацоўнічаць з Беларуссю

24.02.2011 09:32
Архив Редакция

Прэзідэнт Еўрапейскай рады Герман ван Рампей, 23 лютага выступаючы ў Празе, заявіў, што Еўрапейскі саюз мае намер працягнуць адносіны з афіцыйным Мінскам. Паводле яго слоў, у рамках ініцыятывы "Усходняе партнёрства" ЕС зможа "захаваць сваю палітыку крытычнага і абумоўленага супрацоўніцтва з урадам". Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Рады Еўрапейскага саюза.

У той жа час, палітык адзначыў, што «Усходняе партнёрства» ўяўляецца яму «найлепшым інструментам для ўмацавання нашага супрацоўніцтва з беларускай грамадзянскай супольнасцю». «Такі падыход забяспечыць ЕС найлепшыя магчымасці для прасоўвання сваіх палітычных прыярытэтаў», — заявіў Герман ван Рампей.

«Мы не павінны забываць аб узаемных абавязацельствах, заснаваных на павазе прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закона і правоў чалавека. Еўрапейская рада некалькі тыдняў таму выказала сваю асаблівую заклапочанасць сітуацыяй у Беларусі», — падкрэсліў прэзідэнт Еўрапейскай рады.

«Хаця апошнія падзеі засяродзілі нашу палітычную ўвагу на поўдні, мы, вядома, не можам дазволіць сабе забыцца пра ўсходніх суседзяў ЕС. Пазней у гэтым годзе ў нас будзе сустрэча на вышэйшым узроўні з нашымі ўсходнімі партнёрамі. Мы павінны пераканацца, што гэтае партнёрства, пачатае тут, у Празе, два гады таму, атрымае новы імпульс, і асноўную ўвагу надае стратэгічным пытанням такім, як дэмакратыя, добрае кіраванне, і прагрэс у некаторых нявырашаных канфліктах», — заявіў Герман ван Рампей.

Як перадаваў Тэлеграф, першае пасяджэнне Парламенцкай асамблеі праграмы Еўрасаюза «Усходняе партнёрства» (Еўранест), запланаванае на сакавік, пройдзе без удзелу беларускай дэлегацыі. Аб гэтым рашэнні Канферэнцыі старшыняў палітычных фракцый Еўрапарламенту паведаміў старшыня Еўрапарламенту Ежы Бузек.

Как вам новость?
Головоломки