Іран рэалізуе ў Беларусі праекты на 1,5 млрд. даляраў

10.02.2011 13:07
Архив Редакция

Іранскія інвестары рэалізуюць у Беларусі праекты на агульную суму каля 1,5 млрд. даляраў. Пра гэта 10 лютага паведаміў надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Ірана ў Беларусі Сеед Абдала Хасейні. Па яго словах, Іран зацікаўлены ў развіцці інвестыцыйных сувязяў з Беларуссю. Так, дыпламат праінфармаваў, што ў цяперашні час на стадыі перамоваў знаходзяцца новыя праекты на суму больш за мільярд даляраў. 

Сеед Абдала Хасейні распавёў, што сёння ў Беларусі іранскай кампаніяй «Кейсон» паспяхова рэалізуецца праект па будаўніцтве комплексу «Магніт-Мінск», ацэнены ў 250 млн. еўра. Гэтая ж кампанія займаецца будаўніцтвам транспартна-лагічнага цэнтра «Прылессе» ў свабоднай эканамічнай зоне «Мінск», перадае БелТА.

Іншая іранская кампанія «Персіполіс інвест» плануе заняцца будаўніцтвам пяцізоркавага гатэля ў Мінску. Агульны кошт праекту па папярэдняй ацэнцы складзе 150 млн. даляраў. Іранская кампанія «Дыдакс» мае намер займацца рэалізацыяй інвестыцыйных праектаў у Берасці, Гомелі і Светлагорску.

У ліку іншых перспектыўных інвестпраектаў амбасадар Ірана назваў будаўніцтва турыстычнага гасцінічнага комплексу ў раёне Заслаўскага вадасховішча. У дадзены праект Іран плануе інвеставаць каля 1,5 млрд. даляраў. Сеед Абдала Хасейні таксама распавёў аб планах іранскіх кампаній наладзіць вытворчасць металічнага дроту ў Рэчыцы, а таксама пабудаваць цэментавы завод у Гомельскай вобласці.

Іран плануе пастаўляць нафту ў Беларусь па своп-схемах

Іранскі амбасадар таксама паведаміў, што Беларусь і Іран абмяркоўваюць магчымасць паставак іранскай нафты ў Беларусь па своп-схемах з Азербайджанам і Расіяй. У цяперашні час бакі разглядаюць эканамічную абгрунтаванасць падобных паставак.

«Няма абмежаванняў у продажы іранскай нафты беларускаму боку, але неабходна знайсці найбольш рацыянальную іх схему», — падкрэсліў Сеед Абдала Хасейні.

Іранскі дыпламат таксама праінфармаваў, што Беларусь фактычна пачала здабычу нафты ў Іране.

Па яго словах, штодня на іранскім радовішчы Джафеір з удзелам Беларусі здабываецца 15 тыс. бараляў нафты. Між тым на другой фазе рэалізацыі беларуска-іранскага праекту аб’ёмы штодзённай здабычы нафты плануецца падвоіць. Сеед Абдала Хасейні паведаміў, што здабытая ў Джафеір нафта рэалізуецца праз гандлёвую сетку іранскага гандлёвага дома пры іранскай нафтагазавай кампаніі.

Больш за тое, іранскі амбасадар заявіў, што Іран гатовы даць Беларусі новыя радовішчы для распрацоўкі, калі беларускі бок гэтага захоча.

Как вам новость?
Головоломки