Рар: Крэмль наўрад ці яшчэ раз пойдзе на саступкі Беларусі

17.06.2010 10:00
Архив

Крэмль чакае, пакуль яму прапануюць поўны кантроль над газавай транзітнай інфраструктурай на тэрыторыі Беларусі, заявіў эксперт Нямецкага таварыства знешняй палітыкі Аляксандр Рар. "Да таго часу, пакуль Расія яго не атрымае, цяжка сабе ўявіць, што Масква пойдзе яшчэ раз на нейкія саступкі Мінску", - лічыць палітолаг.

Па словах эксперта, Расія «сапраўды пераходзіць на рынкавыя кошты на газ (праўда, не адразу) і ў сябе дома». «Масква хоча спыніць субсідаванне газавых паставак суседнім краінам. Украіна ўжо адчула ціск Расіі ў гэтым пытанні. Кіеў спачатку пагадзіўся з павышэннем кошту на газ, а потым дамовіўся аб яе зніжэнні, але заплаціў за гэта палітычнымі саступкамі. Мяркую, што ад Беларусі цяпер будзе патрабавацца тое ж самае», — цытуе Аляксандра Рара беларуская служба Deutsche Welle.

«Газавы ультыматум Крамля ў дачыненні да Беларусі выкліканы нежаданнем Мінску ўступаць у Мытны саюз», — сказаў эксперт, дадаўшы, што «на гэты раз Расія здольная пайсці на жорсткія меры, каб дамагчыся сваёй мэты».

Па словах Аляксандра Рара, заява прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева, што Беларусь у пяцідзённы тэрмін павінна пагасіць запазычанасць за пастаўкі расійскага газу, звязана з нежаданнем беларускага лідара пабудаваць Мытны саюз з Казахстанам і Расіяй.

«Вялікая праца за апошнія 10-15 гадоў зроблена, дамоўленасці ёсць. А Беларусь, якая з’яўлялася ўвесь гэты час самым цесным саюзнікам Масквы ў гэтых пытаннях, па-ранейшаму тармозіць рэінтэграцыйны працэс», — сказаў спецыяліст.

«На парозе ўжо ўваходжанне, можа быць, Украіны і Арменіі ў Мытны саюз, — сказаў Аляксандр Рар. — Таму трэба даціснуць Беларусь, каб яна пагадзілася з правіламі гульні і ўжо б не выступала з асобнымі пазіцыямі і патрабаваннямі, як гэта дастаткова ўмела рабіў прэзідэнт Лукашэнка ў мінулыя гады».

Рар: у Лукашэнкі цяпер сапраўды вельмі складаная сітуацыя

Па словах эксперта, прэзідэнт Беларусі, пачынаючы з 2007 года, калі грымнуў першы сур’ёзны канфлікт з Расіяй (тады гэта тычылася нафты), спрабаваў у наступныя гады збалансаваць сваю палітыку. Аляксандр Рар таксама адзначыў, што беларускі лідар спрабаваў выкарыстаць падтрымку Еўрасаюза, а таксама заходняга бізнэсу для таго, каб адсунуць Расію на другі план у тым, што тычыцца вялікай прыватызацыі ў Беларусі.

«Я думаю, што гэта яму не ўдалося, на Захадзе пакуль што з цікавасцю глядзяць на Беларусь, разумеючы, што рана ці позна яна адкрыецца для еўрапейскіх інвестараў, — лічыць палітолаг. — Але цяпер па-ранейшаму вялікіх поспехаў у дадзеным напрамку Еўропа не бачыць. Таму час мінае, Лукашэнка цяпер сапраўды мусіць прымаць сур’ёзныя рашэнні — каго пускаць у беларускую эканоміку. Далей гуму цягнуць немагчыма».

Аляксандр Рар дадаў, што зробленыя Аляксандрам Лукашэнкам прапановы аб продажы беларускіх НПЗ расійскім інвестарам «з’яўляюцца першым сігналам таго, што прэзідэнт Беларусі гатовы адступаць». Эксперт не выключае, што на гэты раз «Расеі ў жорсткай форме хоча дамагчыся ад Лукашэнкі стопрацэнтнага ўваходжання ў Мытны саюз».

«Можа быць, Крэмль паспрабуе зараз закруціць гайкі, таму што ў Расіі ў дадзены момант выраслі шанцы на поспех рэінтэграцыйнай палітыкі. Мне здаецца, ніколі за апошнія гады такіх шанцаў не было. Цяпер Еўрасаюз слабее, засяродзіўшыся на рашэнні ўнутраных праблемаў», — сказаў палітолаг .

«Адным словам, ад Масквы можна чакаць вельмі жорсткіх мераў. Мядзведзеў абраў для свайго выступлення дастаткова ўдалы час — на двары лета, ніхто мерзнуць цяпер у Беларусі не будзе, калі раптам адключаць газ. Таму можна націскаць на кіраўніцтва краіны, не асцерагаючыся таго, што сотні тысяч беларусаў адчуюць гэты націск на сваім уласным кашальку», — рэзюмаваў Аляксандр Рар.