Рашэнне аб месцы будаўніцтва беларускай АЭС прымуць пасля дапрацоўкі АУНА

02.06.2010 16:35
Архив

Канчатковае рашэнне аб месцы будаўніцтва будучай беларускай атамнай электрастанцыі будзе прынята пасля дапрацоўкі справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА). Пра гэта паведаміў другога чэрвеня начальнік упраўлення дзяржаўнай экалагічнай экспертызы міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Аляксандр Андрэеў.

Аляксандр Андрэеў нагадаў, што для будаўніцтва беларускай АЭС прыярытэтнай выбрана Астравецкая пляцоўка ў Гарадзенскай вобласці. Таксама прадстаўнік Мінпрыроды адзначыў, што працэс дапрацоўкі АУНА пакуль не завершаны, паведамляе БелТА.

«Усё будзе залежаць ад тэрмінаў правядзення кансультацыяў па справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС ва Украіне і Літве. Яны перанесеныя з траўня на чэрвень гэтага года па ініцыятыве гэтых краінаў», — сказаў начальнік упраўлення, дадаўшы, што мяркуецца, што ў Літве кансультацыі пройдуць 18 чэрвеня, ва Украіне — 14-17 чэрвеня.

Аляксандр Андрэеў адзначыў таксама, што пры дапрацоўцы АУНА будуць улічаны заўвагі і прапановы ўсіх зацікаўленых краінаў, пасля чаго справаздачу накіруюць на дзяржаўную экалагічную экспертызу.