Расія абвінаваціла Беларусь у дэмпінгу на малочным рынку

17.05.2011 16:47
Архив Редакция

Нацыянальны саюз вытворцаў малака Расіі (Саюзмалако) звярнуўся да ўрада сваёй краіны ў сувязі з тым, што "дэмпінгавыя пастаўкі малочнай прадукцыі з Беларусі сталі прычынай узнікнення сур'ёзных праблемаў на малочным рынку Расіі". Па словах старшыні праўлення арганізацыі Андрэя Даніленкі, дадзеныя пастаўкі з'яўляюцца значнымі па аб'ёме і носяць пастаянны характар.

Як заявілі ў Саюзмалако, такія пастаўкі сталі магчымыя дзякуючы «дэвальвацыі беларускага рубля на 70% (па прагнозах фінансавых аналітыкаў дэвальвацыя працягнецца і ў бліжэйшыя месяцы можа скласці 250-300%)». У саюзе адзначылі, што нізкія цэны і вялікая прапанова прывялі да рэзкага падзення агульнага ўзроўню цэн і аб’ёмаў продажаў малочнай прадукцыі на расійскім рынку, што нанесла «катастрафічную шкоду малочнай галіне».

Складская затаранасць расійскіх вытворцаў сыру і сухіх малочных прадуктаў носіць беспрэцэдэнтны характар, сыраробныя і малочнакансервавыя прадпрыемствы ў найбліжэйшы час могуць спыніць разлікі з пастаўшчыкамі малака, у выніку закупачная цана сырога малака можа абваліцца значна ніжэй за сярэдні сабекошт яго вытворчасці, заявілі ў арганізацыі.

Прадстаўнікі Саюзмалако для выпраўлення сітуацыі рэкамендавалі беларускаму боку спыніць пастаўкі сухога малака, масла, сыру і сыроваткі на расійскі рынак да прыняцця карэкціровак балансу паставак у 2011 годзе і распрацоўкі падкантрольнага механізму гандлю; аднавіць гандаль стратэгічнымі малочнымі прадуктамі толькі праз упаўнаважаныя на гэта кампаніі, якія будуць выстаўляць ўвесь прапанаваны для экспарту ў Расію аб’ём на расійскай біржы; ўзмацніць сумесную з расійскім бокам працу па скарачэнні выкарыстання раслінных тлушчаў пры вытворчасці малочных прадуктаў і выяўленні фактаў фальсіфікацыі натуральнай малочнай прадукцыі.

Как вам новость?