Расія баіцца экспансіі беларускіх танных цыгарэтаў

16.09.2010 11:18
Архив Редакция

Расійскія тытунёвыя фабрыкі накіравалі ліст прэм'ер-міністру Уладзіміру Пуціну з просьбай не змяняць тэхнічны рэгламент для вытворчасці цыгарэт у рамках Еўразійскай эканамічнай супольнасці. У адваротным выпадку прадстаўнікі расійскага бізнэсу асцерагаюцца захопу рынку беларускімі вытворцамі, якія змогуць лёгка перабудавацца пад новыя ўмовы.

Расійскі тэхнічны рэгламент на тытунёвую прадукцыю часткова ўступіў у сілу тры месяцы таму, а працоўная група ЕўрАзЭС ўжо распрацавала новы праект тэхрэгламенту, які, у выпадку ўхвалення, пачне дзейнічаць з 2011 года. У прыватнасці, у праекце ЕўрАзЭС прапануецца на абодвух вялікіх баках пачка павялічыць памер папераджальных надпісаў пра шкоду тытуню да 50% ад іх плошчы і ўвесці графічныя малюнкі, якія дэманструюць разбуральныя наступствы курэння, перадае «РБК daily«.

Невялікія тытунёвыя фабрыкі Расіі заклапочаныя неабходнасцю новых інвестыцый у мадэрнізацыю вытворчасці. «У выпадку ўвядзення дадатковых неабгрунтаваных патрабаванняў нашым прадпрыемствам спатрэбіцца здзейсніць яшчэ вялікія інвестыцыі, што на фоне павелічэння акцызу адмоўна адаб’ецца на фінансавым становішчы прадпрыемстваў», — гаворыцца ў звароце да прэм’ера.

«Калі нас паставяць перад неабходнасцю правядзення мадэрнізацыі, мы не зможам гэтага зрабіць праз адсутнасць сродкаў, і тады беларускія вытворцы могуць заняць увесь сегмент танных цыгарэтаў у Расіі», — лічыць адзін з аўтараў звароту, гендырэктар Пагарскай цыгарэтна-цыгарнай фабрыкі Ігар Маісееў. Паводле ацэнак прадстаўнікоў расійскага бізнэсу, пад пагрозай перадзелу апынецца каля 10-12% рынку тытунёвых вырабаў ёмістасцю 750-850 млн. даляраў, або 30 млрд. цыгарэтаў.

«Адна беларуская тытунёвая фабрыка «Нёман», якая знаходзіцца пад стопрацэнтным кантролем дзяржавы, здольная ў кароткія тэрміны павялічыць свае магутнасці з наяўных 20 млрд. да 30 млрд. цыгарэаў на год», — згаджаецца галоўны рэдактар галіновага інфармагенцтва «Рускі тытунь» Максім Каралёў.

На думку экспертаў, бізнэсу транснацыянальных тытунёвых кампаніяў новыя правілы не нанясуць істотнае шкоды, бо тыя маюць дастаткова сродкаў для дадатковай мадэрнізацыі вытворчасці.

Как вам новость?