Расія можа адмяніць нафтапошліны для Беларусі з 2011 года

09.12.2010 17:19
Архив Редакция

Расія гатова адмяніць экспартныя пошліны на нафту для Беларусі з 1 студзеня 2011 года ў выпадку, калі Мінск ратыфікуе ўсе дакументы па стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП). Пра гэта 9 снежня паведаміла міністарка эканамічнага развіцця Расіі Эльвіра Набіуліна. Пры гэтым Беларусь будзе выплочваць Расіі 100% экспартных пошлінаў на нафтапрадукты.

«Мы адмяняем ва ўзаемным гандлі пошліны на нафту. Мы будзем пастаўляць нафту ў Беларусь бяспошлінна, а з нафтапрадуктаў пошліны будуць брацца на знешніх межах і пералічвацца ў расійскі бюджэт», — растлумачыла Эльвіра Набіуліна.

Міністарка таксама паведаміла, што, паводле папярэдніх ацэнак экспертаў, эканамічная выгада для Беларусі ад адмены пошлінаў складзе больш за 3,9 млрд. даляраў, перадае РИА «Новости».

Акрамя таго, як паведаміў кіраўнік прэс-службы кіраўніка беларускай дзяржавы Павел Лёгкі, прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Дзмітры Мядзведзеў 9 снежня ў Маскве перад пасяджэннем Міждзяржаўнага савета Еўразійскай эканамічнай супольнасці правялі палутарагадзінную сустрэчу ў фармаце сам-насам.

Па словах Паўла Лёгкага, лідары дзвюх краінаў у ходзе сустрэчы абмеркавалі актуальныя праблемы беларуска-расійскіх адносінаў. Прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнка падкрэсліў, што сустрэча прайшла ў спакойнай, канструктыўнай і сяброўскай атмасферы, перадае БелТА.

Журналістаў на сустрэчу лідараў не дапусцілі па ініцыятыве расійскага боку. Аляксандр Лукашэнка па заканчэнні сустрэчы ў жарт адзначыў, што прэса не паспявае за прэзідэнтамі.

Как вам новость?
Головоломки