Расія пакуль не прыняла рашэння аб павышэнні пошлінаў на нафтапрадукты

22.10.2010 15:39
Архив Редакция

Расія пакуль не прыняла канчатковага рашэння аб істотным павышэнні пошлінаў на нафтапрадукты ў рамках Мытнага саюза з 2011 года. «Казаць пра тое, што са студзеня 2011 года рэзка вырастуць пошліны на нафтапрадукты заўчасна. Рашэння аб істотным павышэнні пошлінаў (афіцыйнага) не існуе», — заявіў 22 кастрычніка намеснік міністра эканамічнага развіцця РФ Андрэй Сляпнёў.

«Ёсць розныя спосабы і варыянты рашэнняў на гэты конт», — сказаў расійскі чыноўнік, падкрэсліўшы, што тэрміны «пастаўлены кароткія», перадае РБК.

Па словах Андрэя Сляпнёва, існуюць розныя варыянты. Адным з іх з’яўляецца выраўноўванне ставак на светлыя і цёмныя нафтапрадукты і паступовае павышэнне сярэдняй велічыні гэтых ставак. «Гэтае павышэнне не павінна прывесці да росту коштаў на ўнутраным рынку, таму павінна быць збалансаваным», — адзначыў намеснік міністра.

Як падкрэсліў Андрэй Сляпнёў, на сённяшні дзень у рамках Мытнага саюза і адзінай эканамічнай прасторы дзяржавы-члены арганізацыі ўжо пераходзяць на «крыху іншыя» прынцыпы ўзаемадзеяння, адмаўляюцца ад механізму прымянення мытных пошлінаў.

«На змену яму прыйдзе іншы механізм, па якім прыродная рэнта, якую мы цяпер бярэм ў выглядзе пошлін, усё роўна будзе паступаць у Расію», — адзначыў намеснік кіраўніка МЭР.

Як раней паведамляў Тэлеграф, 19 кастрычніка намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Шаталаў сказаў, што экспартныя пошліны на нафтапрадукты ў рамках Мытнага саюза з 2011 года могуць быць павышаны да 85-90% ад экспартнай пошліны на нафту з цяперашніх 55%.

Аднак МЗС Беларусі заявіў, што не лічыць прапанову РФ па нафтапошлінах афіцыйнай. «Гэта было сказана ў такім парадку, што не магло быць успрынята ў якасці афіцыйнай прапановы расійскага боку. Для афіцыйных прапановаў ёсць іншыя каналы», — заявіў намеснік кіраўніка МЗС Беларусі.

Как вам новость?