Расія патрабуе ад Беларусі матываваць арышты сваіх грамадзян

18.01.2011 17:16
Архив Редакция

Расійскае пасольства ў Беларусі тыдзень таму паслала ў беларускую Генпракуратуру запыт з патрабаваннем паказаць матывы арышту грамадзян РФ Арцёма Брэуса і Івана Гапонава. Адказу пакуль што не было, заявіў дарадца амбасады Вадзім Гусеў. «Сітуацыя складаецца досыць напружаная», - дадаў дыпламат.

Паводле яго слоў, расійскім грамадзянам прад’явілі абвінавачанні і ўтрымліваюць іх пад арыштам, нягледзячы на тое, што ніякіх відавочных доказаў іх віны няма.

«А людзі працягваюць сядзець у турме, прычым грамадзяне замежнай дзяржавы. Калі ім спачатку пасля арышту казалі аб тым, што іх на дзесяць сутак затрымалі, то потым ім працягнулі на два месяцы. А колькі ім яшчэ будуць працягваць, я не ведаю. Калі беларускія судовыя органы змогуць прадставіць доказы сваіх высунутых абвінавачванняў?» — цытуе Вадзіма Гусева БелаПАН.

Ён паведаміў, што амбасада чакае «актывізацыі працы беларускіх следчых органаў, таму што трымаць там бясконца расійскіх грамадзян — гэта недазваляльна».

«Тым больш з улікам нашых асаблівых сяброўскіх, саюзніцкіх міждзяржаўных адносін. Альбо беларускія следчыя органы павінны неяк актывізавацца і сапраўды прад’явіць важкія доказы сваіх абвінавачанняў, альбо выпускаць расійскіх грамадзян за адсутнасцю доказаў», — лічыць дарадца амбасады.

Ён таксама адзначыў, што гэтае пытанне «знаходзіцца ў амбасады на асаблівым кантролі і ўжо пачынае выклікаць у нас занепакоенасць».

Як ужо перадаваў Тэлеграф, грамадзяне Расійскай Федэрацыі Арцём Брэўс і Іван Гапонаў былі затрыманыя падчас масавых дэманстрацыяў 19 снежня ў Мінску. Пасля адбыцця 10-дзённага арышту за «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання» іх вызвалілі 29 снежня, аднак у той жа дзень затрымалі паўторна.

Арцёму Брэўсу і Івану Гапонаву 5 студзеня прад’явілі абвінавачанне ў рамках крымінальнай справы аб арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, якія прайшлі ў Мінску пасля выбараў прэзідэнта па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі, што прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 15 гадоў.

Усяго па гэтай справе ў якасці абвінавачаных праходзяць ужо 31 чалавек, у якасці падазраваных — 17 чалавек. Па інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна» на 14 студзеня 27 абвінавачаных ўтрымліваюцца пад вартай, чатыры — пад падпіскай аб нявыездзе. З падазраваных пяцёра заключаны пад варту, дзевяць знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе, двое — за межамі Беларусі.