Расія з 29 чэрвеня спыняе пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь

28.06.2011 09:05
Архив

Расійская кампанія "Интер РАО ЕЭС" у 00:00 29 чэрвеня часова спыняе пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь. Гэта звязана з тым, што беларускі бок не пагасіў запазычанасць у 1,5 млрд расійскіх рублёў у абумоўлены тэрмін - да 07:30 (па беларускім часе) 28 чэрвеня.

«На 08:30 па маскоўскім часе 28 чэрвеня неабходны плацёж за электраэнергію не паступіў. «Интер РАО» чакае ад беларускіх партнёраў пагашэння доўгу і чарговага плацяжу ў поўным аб’ёме», — цытуе афіцыйнага прадстаўніка расійскай кампаніі РИА «Новости».

Як перадаваў Тэлеграф, кампанія «Интер РАО ЕЭС» праз запазычанасці ўжо абмяжоўвала пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь 9 чэрвеня. Затым бакі падпісалі графік плацяжоў, у адпаведнасці з якім беларускае кіраўніцтва павінна пагасіць доўг да 5 ліпеня. Такім чынам, 13 чэрвеня кампанія аднавіла аб’ёмы паставак электраэнергіі ў Беларусь, а беларускі бок перавяла «Интер РАО ЕЭС» першы транш для пагашэння доўгу.

Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч 23 чэрвеня заяўляў, што ўлады краіны цалкам разлічацца за атрыманую з Расіі электраэнергію да 28 чэрвеня.