Расія захавае мытны кантроль на мяжы з Беларуссю да 2011 года

16.06.2010 15:32
Архив Редакция

Мытны кантроль на ўсіх транспартных магістралях на беларуска-расійскай мяжы за ўвозам на тэрыторыю Расіі тавараў з Беларусі захаваецца як мінімум да першага студзеня 2011 года. Пра гэта паведаміў начальнік аналітычнага ўпраўлення Федэральнай мытнай службы (ФМС) Расіі Уладзімір Івін.

«У цяперашні час вызначана тры выняткі (пошліны) са свабоднага перамяшчэння тавараў з Беларусі ў Расію. Першы вынятак — гэта тавары, у дачыненні да якіх дзейнічаюць у Расіі антыдэмпінгавыя і кампенсацыйныя меры, іх каля дзевяці», — прыводзіць словы начальніка ўпраўлення ФМС РФ ПРАЙМ-ТАСС.

Па словах Уладзіміра Івіна, другі вынятак тычыцца ўвозу транспартных сродкаў фізічнымі асобамі. «Расія не пярэчыць супраць існавання больш нізкіх пошлінаў на аўтамабілі ў Беларусі, але калі яны не будуць увозіцца для продажу ў Расію», — сказаў прадстаўнік ФМС Расіі, дадаўшы, што абмежаванні па перамяшчэнні аўтамабіляў не ўводзяцца.

Аднак, адзначыў Уладзімір Івін, калі ж «аўтамабіль зняты з рэгістрацыйнага ўліку, то пры праходжанні праз пункт уведамлення павінна быць выплачана розніца ў пошлінах, што існуе ў Расіі і Беларусі».

Кажучы аб трэцім вынятку, прадстаўнік Федэральнай мытнай службы РФ заявіў, што ён будзе самым працяглым і датычыцца экспарту тавараў. Уладзімір Івін таксама лічыць, што гэтыя тры выняткі будуць дзейнічаць да таго моманту, калі павінны быць падрыхтаваныя дакументы па адзінай эканамічнай прасторы (да сярэдзіны 2011 году).

Как вам новость?