Расійскае ТБ паказала сюжэт пра напад НАТО на Беларусь

15.04.2010 09:19
Архив Редакция

Адразу два расійскія рэгіянальныя тэлеканалы паказалі ўвечары 12 красавіка сюжэты пра тое, што войскі НАТО ўварваліся на тэрыторыю Беларусі з тэрыторыі Ўкраіны. "Сёння ліпецкія вайскоўцы эвакуявалі жыхароў Украіны. Там абвясцілі ваеннае становішча. Краіны НАТО з тэрыторыі Ўкраіны наступаюць на Беларусь", — паведаміла тэлекампанія "Липецкое время".

Як гаварылася ў тэлесюжэце, «самалёт з уцекачамі прызямліўся на Ліпецкі аэрадром», перадае «Коммерсант». Аналагічны рэпартаж выйшаў у эфір іншай ліпецкай тэлекампаніі — ТВК.

Толькі пасля журналісты паведамілі, што ў сюжэтах гаворка ішла пра вучэнні ўнутраных войскаў МУС РФ, а «ўзброены канфлікт» — легенда ваенных манеўраў.

Аўтар сюжэту, які выйшаў на тэлеканале ТВК, Аксана Карабельнікава распавяла, што пра легенду вучэнняў (Украіна выяўляе агрэсію ў адносінах да Беларусі) ёй і іншым журналістам, што сабраліся на аэрадроме, распавёў намеснік камандуючага войскамі цэнтральнага рэгіянальнага камандавання ўнутраных войскаў МУС Расіі генерал-маёр Мікалай Рабчыкаў. Па словах карэспандэнта, «адбывалася гутарка, пры выключаных камерах», і словы генерала яна запісвала ў нататнік.

Кіраўнік прэс-бюро ўнутраных войскаў МУС РФ палкоўнік Васіль Панчанкоў у каментары тэлесюжэтаў заявіў, што пры іх падрыхтоўцы журналісты «ўбачылі ці пачулі штосьці не тое».

Як растлумачыў прадстаўнік расійскіх унутраных войскаў, які не аспрэчыў легенду пра вучэнні, «сёння мы штосьці скажам, а заўтра — дыпламатычная нота, давайце пакінем нашых братоў у супакоі, з імі толькі-толькі пачалі наладжваць адносіны». «Зусім натуральна, што на вучэнні накладвае свой адбітак тое, што некаторыя рэгіёны, у якіх праводзяцца вучэнні, мяжуюць з сумежнымі дзяржавамі», — дадаў палкоўнік.

Крыніца ў расійскіх унутраных войсках, у сваю чаргу, ужо заявіла, што «з начальнікамі, якія выказаліся, ужо правялі тлумачальную працу, зараз яны падобных рэчаў сцвярджаць не будуць». «Мяркуючы па ўсім, яны не прадумалі наступствы сваіх слоў ці ж проста захацелі пакрасавацца перад камерамі», — выказаў здагадку ён.

Как вам новость?
Головоломки