Расійскія эксперты: беларуская эканоміка зайшла ў абсалютны тупік — відэа

10.05.2011 11:09
Архив Редакция

Пасля падзеяў 19 снежня беларускія ўлады не могуць разлічваць на прыцягненне грошай на міжнародных рынках і Міжнароднага валютнага фонду. "Лукашэнка ў многіх міжнародных колах стаў нерукапацісковым палітыкам", — заявіў кіраўнік Упраўлення макраэканамічнага аналізу расійскай кампаніі "ВТБ Капітал" Аляксей Маісееў. "Тут абсалютны тупік", — дадаў ён. 

Чакаць крэдытаў Беларусь можа толькі ад Расіі, а афіцыйная Масква сумняецца, ці выдаваць іх, паведаміў эксперт падчас праграмы «Мнение» тэлеканала «Расія-24».



Аляксей Маісееў пракаментаваў дзеянні беларускіх уладаў у 2010 годзе. «У нейкі момант стала здавацца, што яны спрабуюць браць грошы адусюль. Гэта вельмі падобна на позні савецкі перыяд, калі савецкае кіраўніцтва прыцягвала грошы проста адусюль», — дадаў прадстаўнік «ВТБ Капітал».

Суздальцаў: Расія пасадзіла Беларусь на ўтрыманскую іголку

Што ж тычыцца прыцягнення беларускімі ўладамі расійскіх крэдытаў памерам у тры мільярды даляраў, то афіцыйны Мінск заяўляе, што грошы будуць атрыманы «ў найбліжэйшы час». Аднак РФ падыходзіць да гэтага пытання вельмі асцярожна, пацвердзіў дацэнт кафедры сусветнай палітыкі факультэту сусветнай эканомікі Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў. «Ёсць такое паняцце, што беларусы не вяртаюць крэдыты», — заўважыў ён.

На 1 студзеня 2011 года агульная сума крэдытнай, фінансавай, рэсурсавай, энергетычнай і іншай падтрымкі беларускім уладам, якая аказваецца Расіяй, склала 58 млрд. даляраў, паведаміў эксперт. «Мы пасадзілі Беларусь на ўтрыманскую іголку», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, толькі за 2010 год кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі прадставіла афіцыйнаму Мінску шэсць мільярдаў даляраў, а за 2009 год — дзевяць мільярдаў даляраў.

Доктар эканамічных навук таксама адзначыў, што шэсць-восем мільярдаў даляраў на год Беларусь атрымлівае толькі за пасярэдніцтва пры продажы расійскай нафты ў заходнія краіны.

Расійскія эксперты кажуць аб тым, што Беларусі варта дэвальваваць нацвалюту прынамсі ў два разы. Паколькі эканоміка краіны можа абрынуцца, услед за ёй можа ўпасці і палітычны рэжым, лічаць яны.

Как вам новость?