Расійскія газеты следам за "Хросным бацькам" атакуюць Лукашэнку

18.08.2010 16:16
Архив Редакция

Пасля паказу ў Расіі фільма "Хросны бацька-3" у расійскай прэсе на працягу некалькіх дзён выйшлі рэзкія матэрыялы з абвінавачаннямі прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў "жульніцтве" і "спекуляцыях". Расійскія газеты ў сваіх матэрыялах закранаюць тэму прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асетыі, будаўніцтва АЭС у Беларусі, а таксама "жаданне Лукашэнкі нажыцца на пажарах Расіі".

«Эксперты даўным-даўно заўважылі за беларускім лідарам выдатную асаблівасць — ніколі не запамінаць, дзе, што, калі ён кажа. Унутры Беларусі гэтыя пастаянныя ляпы прэзідэнта лёгка могуць сысці з рук, паколькі дзяржпрэса заўсёды змікшуе і падасць выказванні ў патрэбным святле. А вось за межамі краіны Бацька пастаянна ўкляпваецца», — піша «Московский комсомолец».

«Дзмітрыя Мядзведзева, які насмеліўся выкрыць яго ў ілжы, ён абвінаваціў не ў чым-небудзь, а ў несумленнасці. Значыць, паступаць з Лукашэнкам трэба як з шулерам: хапаць за руку і тыкаць мечанай картай у пысу», — гаворыцца ў публікацыі, перадае «Салiдарнасць».

Выданне таксама надае ўвагу будаўніцтву АЭС у Беларусі. «Бацька панаракаў і з нагоды лёсу будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі. Маўляў, мы можам у будаўніцтве станцыі абысціся без удзелу расійцаў. Але пры тлумачэнні прычынаў зноў «зжульнічаў»: «Так, мы працавалі з расійцамі, мы зыходзілі з таго, як яны паабяцалі. Яны настойліва патрабавалі ад нас, каб яны будавалі гэтую станцыю». Кожны, хто хоць трохі знаёмы з праблемай будаўніцтва АЭС у Беларусі, ведае, што гэтую ідэю Фікс Лукашэнка доўга і настойліва прабіваў, угаворваючы расійцаў вылучыць крэдыт і паўдзельнічаць у будаўніцтве», — адзначае газета.

«Вечерняя Москва» абвінавачвае Лукашэнку ў жаданні нажыцца на бедах расійцаў

Маскоўская ўрадавая газета «Вячэрняя Масква» апублікавала артыкул «Прагны бацька», у якой абвінаваціла беларускага лідара ў хцівасці і жаданні нажыцца на бедах расійцаў, якія абрынуліся на краіну гэтым летам. «Вядома, да прыкладу, што Лукашэнка праглынуў, не зморшчыўшыся, наш мільярд фактычна бязвыплатнай пазыкі, а на прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асетыі не пайшоў. Цяпер прэзідэнт Мядзведзеў адкрыта кажа пра тое, што Лукашэнка парушыў дадзенае слова. А беларускі бацька як ні ў чым не бывала сцвярджае, што яго тады, маўляў, няправільна зразумелі», — піша выданне.

«Цяпер у Маскве гатовыя апублікаваць стэнаграмы перамоваў у рамках АДКБ, каб вывесці крывадушнага бацьку на чыстую ваду. Але такая публікацыя наўрад ці зробіць на былога зампаліта моцнае ўражанне. Грошы ж атрыманыя і ўжо выдаткаваныя. І патрабуецца яшчэ. А дзе ўзяць? І тут нашы пажары, засуха, неўраджай. І Лукашэнка ажывіўся, адчуўшы новую базарную кан’юнктуру», — гаворыцца ў публікацыі.

«Сэнс заяваў Лукашэнкі такі: «у Расіі неўраджай, а значыць, мы павінны скарыстацца сітуацыяй і пастарацца атрымаць максімальны прыбытак. Устаноўка проста ў стылі цяперашняй саюзнай дзяржавы, — адзначае газета. — Зразумела, што заходней за Берасце ў яго знойдуцца ўдзячныя гледачы. Але тыя гледачы, вось бяда, аддаюць перавагу глядзець новае шоў на халяву. А грошы бацьку патрэбныя пазарэз».

«Голос России»: Лукашэнка пацвердзіў рэпутацыю гэтакага вясковага хітруна

Таксама ў жаданні нажыцца на пажарах у Расіі прэзідэнта Беларусі абвінавачвае расійская газета «Вестиі».

«Лукашэнка, як айчынныя спекулянты, таксама вырашыў не ўпусціць шанцу нажыцца на расійскім неўраджаі. Беларускія аграпрадпрыемствы ўжо атрымалі ўказанне прадаваць у Расію толькі малако і мяса, а камбікорм і муку «папрытрымаць» і адпускаць ў абмежаваных колькасцях. Збожжа ж і зусім распараджэннем Лукашэнкі стане прадметам гандлю толькі ў выключных выпадках», — адзначае выданне.

«Пажарную» тэму працягвае «Голос России», у эфіры адной з праграм якога прэзідэнт расійскага Цэнтра палітычнай кан’юнктуры Канстанцін Сіманаў пракамэнтаваў надзеі Аляксандра Лукашэнкі.

«Беларускі кіраўнік вырашыў яшчэ раз даказаць Расіі, што з ім кашы не зварыць. Прынамсі, бясплатна. Масква ўжо дастаткова сытая дружалюбнасцю Лукашэнкі. Але цяпер ён прапануе яе яшчэ і за вялікую плату. Прычым, зразумела, што пажары ў Расіі — гэта зорны час яго ўяўленняў пра прагматызм», — гаварылася ў праграме.

«Мы ведаем выдатна, што сусветная супольнасць, наадварот, стараецца дапамагаць краінам, якія церпяць ад стыхійных бедстваў, — заявіў у эфіры расійскай радыёстанцыі Канстанцін Сіманаў. — І я разумею, што ў нас маштаб бедства, дзякуй Богу, не супастаўны з тым, што адбываецца зараз, напрыклад, у Пакістане. Але мы бачым, што сусветная супольнасць заўсёды імкнулася дапамагаць тым, хто пацярпеў. А так цынічна і адкрыта казаць, давайце заробім на расійскіх пажарах, яны ж нам павысілі кошт газу — гэта пазіцыя дастаткова цынічная. Але ад Лукашэнкі іншага чакаць ўжо, напэўна, не варта».
 
«Калі беларускія пажарныя, нараўне з калегамі з іншых краін СНД і не толькі, адправіліся ратаваць Расію ад агню, гэта было салідарна. Калі беларускія тэлеканалы сталі параўноўваць беларускіх пажарнікаў з расійскімі, дэманстратыўна не на карысць апошніх, гэта было натуральна. Калі Лукашэнка прапанаваў пажарамі скарыстацца — гэта стала ўжо з выклікам. Хаця, на самой справе, ён толькі пацвердзіў рэпутацыю гэтакага вясковага хітруна», — гаварылася ў праграме.

«Аргументы и факты»: шанцаў на прымірэнне з Беларуссю ў нас няма ніякіх

У сваю чаргу, вядомы расійскі палітык Уладзімір Рыжкоў заявіў газеце «Аргументы и факты», што шанцаў на прымірэнне з Беларуссю ў Расіі няма ніякіх. «Тэндэнцыя на пагаршэнне стасункаў з Лукашэнкі назіралася ўжо некалькі гадоў. Гэта і бясконцыя газавыя і малочныя войны. Не прызнала Беларусь і Абхазію з Паўднёвай Асетыяй», — падкрэсліў расійскі палітолаг.

«Лукашэнка пастаянна вядзе падвойную гульню, якая не падабаецца Маскве. То ён з Расіяй, то з ЕС, то з Кітаем, то з Венесуэлай. Ва ўсіх бярэ крэдыты. Ніякіх інтэграцыйных працэсаў у нас няма. Яны выліліся ў чыстую гаварыльню. Няма нічога. адносіны на дадзены момант цалкам выдахліся», — канстатаваў Уладзімір Рыжкоў.

Как вам новость?
Головоломки