Расійскіх шпіёнаў у ЗША выдаў беларус

17.11.2010 17:11
Архив Редакция

Палкоўнік Службы знешняй выведкі Расіі Аляксандр Пацееў, першапачаткова вядомы як палкоўнік Шчарбакоў, які выдаў летам 2010 года расійскіх шпіёнаў спецслужбам ЗША, раней служыў у Камітэце дзяржаўнай бяспекі Беларусі і сам быў родам з Мінску, сынам Героя Савецкага Саюза Мікалая Пацеева. Пра гэта распавёў былы супрацоўнік КДБ СССР Фёдар Якаўлеў.

«Я яго ведаю са студзеня 1979 года. Мы разам, і нават у адной групе, вучыліся на КУАС (курсы ўдасканалення афіцэрскага складу), больш вядомых, як «школа дыверсантаў», паколькі на іх рыхтаваліся кадры для спецназу КДБ СССР. У тым жа 1979 годзе мы былі накіраваныя ў Афганістан у складзе групы спецназу КДБ «Зеніт». У 1981 годзе мы зноў перасекліся з ім у Афганістане ў кабульскай групе спецназу КДБ «Каскад-2». За ўдзел у баявых дзеяннях у групе «Каскад-1», ён быў узнагароджаны ордэнам. Пасля Афганістана ён скончыў Чырванасцяжны інстытут і працаваў у ПДУ (знешняй выведцы) КДБ СССР, затым у СВР», — распавёў Фёдар Якаўлеў, перадае ІА «REGNUM-Belarus».

На яго думку, той факт, што пра сапраўднае прозвішча палкоўніка Шчарбакова стала вядома не з афіцыйных крыніц, сведчыць аб тым, што Служба знешняй выведкі РФ «страціла здольнасць адэкватна рэагаваць на падзеі, якія адбываюцца, і, адпаведна, прымаць узважаныя і эфектыўныя рашэнні», а таксама «прадухіляць уцечку закрытай інфармацыі са Службы».

Цяпер амерыканскія эксперты заяўляюць, што перабежчык знаходзіцца ў ЗША пад надзейнай абаронай ад нібыта ўжо пасланага забойцы. У мэтах бяспекі яму могуць змяніць знешнасць. Тым не менш Фёдар Якаўлеў упэўнены, што гэта не выратуе Аляксандра Пацеева. У якасці доказу ён прывёў лёс іншых перабежчыкаў: Яўгенія Таропава, які памёр ад удару токам ва ўласнай ваннай у красавіку 2010 года, Сяргея Траццякова, што да смерці ўдавіўся кавалкам біфштэксу ў чэрвені гэтага года, і Аркадзя Шаўчэнкі.

КДБ Беларусі: Пацееў у Беларусі не служыў

Начальнік цэнтру інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі Аляксандр Антановіч, каментуючы дадзеную заяву Фёдара Якаўлева, сказаў, што Аляксандр Мікалаевіч Пацееў ніколі не служыў у беларускім КДБ.

«Чалавек з такімі прозвішчам, імем і імем па бацьку не служыў ні ў КДБ БССР, ні ў КДБ Беларусі», — сказаў Аляксандр Антановіч, перадае БелаПАН.

Між тым, як удалося даведацца карэспандэнту Тэлеграфа, Мікалай Пацееў, які, па словах Фёдара Якаўлева, быў бацькам перабежчыка, нарадзіўся 16 траўня 1919 году ў Рагачове Гомельскай вобласці. Згодна з указам ад 24 сакавіка 1945 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм яго ўзнагародзілі званнем Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі «Залатая Зорка».

Пасля вайны ён жыў у горадзе Лунінец Берасцейскай вобласці, затым пераехаў у Мінск. Памёр 27 верасня 1972 года, быў пахаваны на Усходніх («Маскоўскіх») могілках.

Как вам новость?
Головоломки