Расспажыўнагляд усумніўся ў якасці беларускай рыбы

31.05.2011 16:41
Архив Редакция

Камісія Мытнага саюза абвінавачвае Беларусь у спрыянні пранікненню на расійскі рынак няякасных прадуктаў. Пра гэта было заяўлена пасля таго, як на пасяджэнні працоўнай групы камісіі беларускі бок выступіў супраць увядзення колькасных абмежаванняў на масу глазуры ў рыбнай прадукцыі.

У выніку бакі пагадзіліся паказваць на маркіроўцы рыбнай прадукцыі толькі масу нета без глазуры.

«Ангажаванасць пазіцыі беларускага боку відавочная і звязана, верагодна, з імкненнем паспрыяць асобным несумленным вытворцам у пастаўках на расійскі рынак прадукцыі, у дачыненні да якой Расспажыўнаглядам уведзеныя абгрунтаваныя абмежаванні», — заявілі ў ведамстве.

«Такі падыход выключае права спажыўцоў краін-удзельніц Мытнага саюза на атрыманне рыбнай прадукцыі высокай якасці», — дадалі там.

Уключыць у адзіныя санітарныя патрабаванні ўказанні аб парадку маркіроўкі рыбнай прадукцыі, уключаючы і абмежаванні масавай долі глазуры, прапанавала Расія, абапіраючыся на досвед еўрапейскіх дзяржаў і практыку кантролю замарожанай рыбнай прадукцыі ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі.

Па словах аўтараў прапановы, на рынак часта пастаўляюць рыбную прадукцыю, дзе магло ўтрымлівацца больш за 25% глазуры. «Скарынка лёду часам была такая вялікая, што нават вызначыць від рыбы не было магчымым, таксама як і немагчыма было на выгляд ацаніць яе якасць», — абураюцца ў ведамстве.

У Расспажыўнаглядзе таксама адзначылі, што прапанова абмежаваць масу глазуры ў рыбнай прадукцыі «выклікае моцны супраціў некаторых пастаўшчыкоў гэтага прадукту на расійскі рынак». «У пагоні за прыбыткам, па надуманых прычынах гэтыя пастаўшчыкі ўсімі мерамі імкнуцца захаваць ранейшыя падыходы, у шкоду спажыўцам і ў шкоду вытворцам айчыннай рыбнай прадукцыі», — сцвярджаюць у ведамстве.

Как вам новость?
Головоломки