"Растэхналогіі": аб'яднанне КамАЗа і МАЗа зацягваецца з-за палітыкі

22.06.2011 12:34
Архив Редакция

Перамовы паміж расійскім КамАЗам і беларускім МАЗам з нагоды планаванага аб'яднання актываў стаяць на месцы па палітычных прычынах. Пра гэта 21 чэрвеня заявіў генеральны дырэктар расійскай карпарацыі "Растэхналогіі" Сяргей Чэмезаў. "Мы вялі перамовы з Мінскам, але пакуль не прасунуліся, тут, па ўсім відаць, сітуацыя чыста палітычная ўплывае", — сказаў ён.

«Пакуль ні пра што не можам дамовіцца», — цытуе Сяргея Чэмезава РИА «Новости».

Паводле слоў гендырэктара «Растэхналогій», расійскаму боку не падыходзяць прапановы беларускага завода па дадзеным пытанні. Аднак, дадаў ён, перамовы працягнуць, калі МАЗ будзе гатовы супрацоўнічаць з КамАЗам.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, карпарацыя «Растэхналогіі» прапанавала аб’яднаць расійскі КамАЗ і беларускі МАЗ яшчэ ў лютым. Згодна з прапановай, 100% акцый МАЗа будуць перададзеныя расійскаму КамАЗу, а беларускаму боку перададуць пакет акцый КамАЗа.

Пазней, 17 чэрвеня, генеральны дырэктар КамАЗа Сяргей Кагогін заявіў, што складаная фінансава-эканамічная сітуацыя ў Беларусі не адаб’ецца на планах аб магчымым аб’яднанні актываў КамАЗа і МАЗа. Паводле яго слоў, да канца года працоўная група павінна вызначыць, ці мэтазгодна праводзіць гэтае аб’яднанне.

Как вам новость?