РБІ прапануе стварыць камісію па расследаванні падзей 19 снежня

27.12.2010 09:43
Архив Редакция

Рада беларускай інтэлігенцыі (РБІ) выступіла з ініцыятывай стварэння міжнароднай камісіі па расследаванні падзей, якія адбыліся ў Мінску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня. Акрамя таго, РБІ лічыць, што прызнаць афіцыйныя вынікі выбараў немагчыма і ў сувязі з гэтым прапанавала паўторна правесці выбары прэзідэнта Беларусі пад міжнародным кантролем.

Як распавёў старшыня РБІ Уладзімір Колас, дадзеную заяву накіруюць у ААН, кіраўніцтву краін ЕС, ЗША і Расіі, а таксама міжнароднай грамадскасці.

У афіцыйнай заяве Рады беларускай інтэлігенцыі гаворыцца, што «адказнасць за трагедыю 19 снежня ляжыць асабіста на Аляксандра Лукашэнку, а таксама на іншых службовых асобах, якія стварылі і падтрымліваюць ў краіне стан беззаконня дзеля выкарыстання ўлады ва ўласных інтарэсах».

«Тое, што рэпрэсіі супраць кандыдатаў у прэзідэнты і іншых беларускіх грамадзян адбыліся ў такой цынічнай і жорсткай форме, здарылася, у тым ліку, і па прычыне таго, што напярэдадні выбараў з боку пэўных прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці гучалі прапановы аб падтрымцы беларускага рэжыму ў пэўных палітычных і геапалітычных мэтах», — падкрэслілі сябры грамадзянскай ініцыятывы ў сваёй заяве.

Члены Рады беларускай інтэлігенцыі лічаць, што падзеі 19 снежня ў Мінску з’яўляюцца «небяспечным прэцэдэнтам для ўсёй Еўропы». РБІ заклікае «ўсіх свядомых грамадзян Беларусі, а таксама міжнародную супольнасць, у першую чаргу кіраўніцтва Расіі, Еўрасаюза і ЗША, далучыцца да гэтых патрабаванняў», перадае БелаПАН.

РБІ заклікае ўлады ЕС, ЗША і Расіі ўвесці санкцыі супраць уладаў Беларусі

Акрамя таго, актывісты РБІ лічаць, што ЕС, ЗША і Расія павінны ўвесці «жорсткія санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму» па меншай меры да тых часоў, пакуль улады не вызваляць усіх арыштаваных і затрыманых удзельнікаў мітынгу 19 снежня.

Дадзеную заяву падпісала 25 грамадзян, у тым ліку народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, паэты Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў і Анатоль Вярцінскі, акадэмікі Аляксандр Вайтовіч і Радзім Гарэцкі, мастакі Мікола Купава і Аляксей Марачкін, філолагі Лявон Баршчэўскі і Пётр Садоўскі, фізік Юры Хадыка, кінадраматург Уладзімір Халіп і кінарэжысэр Юры Хашчавацкі.

Как вам новость?
Головоломки