РБІ занепакоеная працэсам кансалідацыі дэмсілаў Беларусі

01.09.2010 14:37
Архив Редакция

Рада беларускай інтэлігенцыі (РБІ) выказала занепакоенасць працэсам кансалідацыі дэмакратычных сілаў Беларусі і вылучэння адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкія выбары. Пра гэта гаворыцца ў заяве, прынятай на чарговым пасяджэнні РБІ ў Мінску 31 жніўня.

На пасяджэнні старшыня РБІ Уладзімір Колас паведаміў, што пра гатоўнасць падтрымаць любога адзінага кандыдата заявіў толькі кандыдат у прэзідэнты на папярэдніх выбарах Аляксандар Казулін. Лідар грамадзянскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў адмовіўся ўдзельнічаць у працэсе кансалідацыі, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Усе спробы сабраць астатніх апазіцыйных палітыкаў ні да чаго не прывялі, хаця яны, па словах Уладзіміра Коласа, заяўлялі аб сваіх намерах удзельнічаць у сумесных сустрэчах. РБІ даручыла Уладзіміру Коласу накіраваць заяву лідарам дэмакратычных партыяў і рухаў, якія падтрымліваюць тых беларускіх палітыкаў, якіх Рада раней прапанавала ў якасці патэнцыйных прэтэндэнтаў на пост прэзідэнта.

У сваю чаргу кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў лічыць, што ў сітуацыі, калі вылучэнне адзінага кандыдата ад апазіцыі становіцца праблематычным, РБІ павінна дамагацца стварэння адзінай перадвыбарнай каманды удзельнікаў палітычнага працэсу, бо гэта ўмацуе пазіцыі дэмсілаў.

Як раней перадаваў Тэлеграф, некаторыя апазіцыйныя палітыкі прынялі рашэнне адмовіцца ад пасярэдніцтва РБІ пры вызначэнні адзінага кандыдата ў прэзідэнты пасля таго, як Рада вылучыла пяць патэнцыйных прэтэндэнтаў на прэзідэнцкі пост. У гэты спіс увайшлі намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін і лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў.

«Мы лічым, што рашэнне Рады, было няправільным. Звузіўшы кола прэтэндэнтаў па сваім жаданні, яна страціла нейтралітэт ў пытанні выбару адзінага кандыдата», — заявіў лідар Еўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч.

Как вам новость?
Головоломки