Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне пачнецца трэцяга траўня

29.04.2010 11:54
Архив Редакция

Рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставанні пачынаецца з трэцяга траўня (уключаючы суботнія дні 15, 22, 29 траўня) і працягнецца да першага чэрвеня ўключна. Запісацца на ўдзел у ЦТ можна ў рэгістрацыйных пунктах з 08:00 да 20:00, паведамілі ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў міністэрства адукацыі Беларусі.

«Абітурыент пры рэгістрацыі павінен будзе запоўніць заяву, падаць дакумент аб занясенні платы за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставанні (10 тыс. рублёў за адзін навучальны прадмет), прад’явіць пашпарт ці від на жыхарства ў Беларусі, ці пасведчанне бежанца, ці даведку, якая выдаецца ў выпадку страты (крадзяжу) дакумента, які пацвярджае асобу», — расказалі ў Інстытуце кантролю ведаў.

Сертыфікаты, як і ў мінулым годзе, будуць выдадзены ўсім, хто атрымае ад аднаго бала і вышэй. Выдача сертыфікатаў усім абітурыентам павялічвае іх шанцы на паступленне ў ВНУ і ССНУ як бюджэтнай, так і прыватнай формаў уласнасці.

«Пры паступленні ў ССНУ абітурыент можа зарэгістравацца на два тэст-іспыты, у ВНУ — не больш чым на тры вучэбныя прадметы: на беларускую ці рускую мову (на выбар) і на два прадметы ў адпаведнасці з профілем (кірункам) спецыяльнасці», — расказалі ў Інстытуце кантролю ведаў.

Як раней паведамляў Тэлеграф, тэставанне па прадметах будзе праходзіць з 14 па 30 чэрвеня. Пятага ліпеня будзе рэзервовым днём для тых, хто не зможа па аб’ектыўных прычынах здаць цэнтралізаванае тэставанне па графіку.

Паводле графіка першым іспытам стане тэставанне па беларускай мове, якое пройдзе 14 чэрвеня. 15 чэрвеня абітурыенты змогуць здаць рускую мову; 17 чэрвеня — гісторыю Беларусі; 18 чэрвеня — геаграфію; 20 чэрвеня — матэматыку; 22 чэрвеня — грамадазнаўства; 24 чэрвеня — Сусветную гісторыю найноўшага часу; 25 чэрвеня — фізіку; 27 чэрвеня — біялогію; 29 чэрвеня — замежныя мовы; 30 чэрвеня — хімію.

Как вам новость?
Головоломки