Reporters Without Borders: у Беларусі ўзмацніўся кантроль за інтэрнэтам

08.07.2010 10:37
Архив Редакция

Праваабарончая арганізацыя Reporters Without Borders заклапочаная захадамі, якія робяць беларускія ўлады па ўзмацненні кантролю за інтэрнэтам. Спецслужбы з мэтай запалохвання і пераследу інтэрнэт-карыстальнікаў і онлайн-журналістаў ўжываюць допыты і канфіскацыю, у той час як на заканадаўчым узроўні ўзмацняецца абмежаванне свабоды слова ў інтэрнэце, адзначаецца ў дакладзе арганізацыі.

Як заявілі ў Reporters Without Borders, «улады спрабуюць усталяваць жорсткі кантроль над інтэрнэтам, як яны ўжо зрабілі з іншымі СМІ». «Гэтыя акцыі запалохвання узмацняюцца ў сувязі з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў. Яны павінны быць спыненыя, каб забяспечыць плюралізм меркаванняў і крытыкі, бо без гэтага не могуць абысціся любыя выбары», — заклікаюць дакладчыкі.

Праваабаронцы таксама раскрытыкавалі ўказ № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегменту сеткі інтэрнэт», які ўступіў у сілу першага ліпеня. Як адзначылі ў Reporters Without Borders, абавязковае фільтраванне ў дзяржустановах сайтаў, якія лічацца экстрэмісцкімі, і прымусовая рэгістрацыя карыстальнікаў інтэрнэт-кавярняў, «непазбежна адпудзіць карыстальнікаў ад наведвання незалежных ці апазыцыйных сайтаў».

Праваабаронцы нагадалі, што, згодна з указам, у Беларусі створаны Аператыўна-аналітычны цэнтр, які, на іх думку, з’яўляецца ні чым іншым, як органам цэнзуры на самым высокім узроўні, бо па яго патрабаванні любы сайт павінен быць заблакаваны цягам 24 гадзін.

У якасці прыкладу абмежаванняў свабоды слова ў інтэрнэце праваабаронцы прывялі газету «Віцебскі кур’ер», чый сайт «па ідэалагічных прычынах» быў заблакаваны пятага ліпеня. Таксама ў Reporters Without Borders адзначылі апазыцыйныя інтэрнэт-рэсурс Vialejka.org і сайт арганізацыі «Хартыя 97», якія пераследуюцца праз каментары, размешчаныя на іх. Першы сайт быў заблакаваны, рэдактарку другога Наталлю Радзіна чатыры разы дапытвалі за паўгоды. Па словах праваабаронцаў, улады таксама канфіскоўвалі кампутары як у карыстальнікаў сайта Vialejka.org, так і ў рэдакцыі сайта «Хартыі 97».

Адзначылі праваабаронцы і накладанне штрафаў на дзевяцярых членаў нацыянал-бальшавіцкай партыі, якія арганізавалі 23 чэрвеня несанкцыянаваны мітынг за свабоду ў сетцы інтэрнэт.

Как вам новость?
Головоломки